У мінулую суботу на Петрыкаўшчыне для выпускнікоў 9,11 класаў устаноў адукацыі і іх законных прадстаўнікоў прайшло прафарыентацыйнае мерапрыемства “Адукацыя і кар’ера”.

Пачалося мерапрыемства з выставы спецтэхнікі, удзел у якой прынялі УП “Палессе-Аграінвест”, РАНС, РАУС, Дэпартамент аховы. Спецыялісты служб падрыхтавалі майстар-класы, расказалі вучням пра спецыфіку сваёй прафесіі. Далей удзельнікі мерапрыемства перамясціліся ў раённы Дом культуры, дзе ў фае размясціліся прадстаўнікі сямнаццаці вышэйшых, сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі краіны – былі прадстаўленыпрактычна ўсе сферы жыццядзейнасці. Вучням выпала ўнікальная магчымасць, не выязджаючы за межы раёна, атрымаць поўны спектр інфармацыі ад спецыялістаў, абмяняцца кантактамі, атрымаць дадатковы ілюстрацыйны матэрыял.
Цікавасць прысутныя праяўлялі да ўсіх прадстаўленых напрамкаў. Юнакі больш цікавіліся інжынерным, сельскагаспадарчым профілем, дзяўчаты – медыцынскім і педагагічным. Некаторыя маладыя людзі не хавалі: для іх сённяшні візіт – магчымасць канчаткова вызначыцца з месцам вучобы. Ну а бацькі, у пераважнай большасці, прытрымліваліся думкі: выбар прафесіі – за дзецьмі, і не хавалі, што прыемна ўражаныя мноствам прапаноў.
Заключная частка сустрэчы прайшла ў канцэртнай зале Дома культуры. Мерапрыемства наведалі намеснік старшыні райвыканкама Наталля Ходзька, кіраўнікі структурных падраздзяленняў Петрыкаўскага райвыканкама. У сваім прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама прызвала моладзь пры выбары будучай прафесіі ўсё добра абдумаць і ўзважыць.
“Петрыкаўшчына мае шмат пераваг і перспектыў для працаўладкавання і жыцця. Гэта той край, дзе чакаюць сваіх выпускнікоў”, – адзначыла прадстаўнік улады. Наталля Мікалаеўна прывяла прыклады добра вядомых усім землякоў, якія пасля атрымання адпаведнай адукацыі прыехалі на Петрыкаўшчыну і праслаўляюць яе сваёй працай.
Падчас сустрэчы ўсе заяўленыя прадстаўнікі ВНУ, ССНУ прэзентавалі свае галіны. Гаварылі перад вялікай аўдыторыяй пра ўмовы паступлення, пражывання, атрымання стыпендыі, баўлення вольнага часу, перспектывы працаўладкавання. Асаблівы акцэнт – наяўныя ільготы, арганізацыя харчавання, прадстаўленне першага месца працы.
Парада ад усіх выступаючых – паступленне па мэтавым накіраванні. Такая форма ўзаемадзеяння набыла папулярнасць сярод выпускнікоў: магчымасць бясплатнага навучання, наяўнасць базы для праходжання практыкі, першае месца працы, стыпендыя – немалаважныя моманты для навучання.
Меркаванні ўдзельнікаў мерапрыемства.
Ілья ЧАШАНОК, вучань 9 класа Колкаўскай базавай школы:
– У мяне ёсць вялікае жаданне паступіць у Салігорскі каледж на спецыяльнасць “Распрацоўка радовішчаў”. На дадзеную спецыяльнасць можна паступіць толькі з 11 класаў. На сустрэчы з прадстаўнікамі горна-абагачальнага камбіната я атрымаў усю неабходную для далейшага паступлення інфармацыю.
Бясспрэчна, такія “кірмашы прафесій” патрэбныя, яны даюць магчымасць пазнаёміцца з рознымі навучальнымі ўстановамі краіны. Спецыялісты дадуць неабходную параду, падкажуць алгарытм далейшых дзеянняў.
Ганна АДАМОЎСКАЯ, жыхарка вёскі Мышанка:
– Дачка вучыцца ў 9 класе Мышанскай сярэдняй школы. Класны кіраўнік прапанавала паўдзельнічаць у мерапрыемстве, мы згадзіліся і не пашкадавалі. Колькасць запрошаных прадстаўнікоў дае магчымасць выбару і дапамагае дзецям знайсці сваё прызванне.
Дачка выказала жаданне паступаць вучыцца пасля заканчэння дзевяці класаў. Нас ужо зацікавілі некаторыя прапановы.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о