У кожнага з нас ёсць свае любімыя захапленні. У кагосьці гэта напісанне вершаў, жывапіс, вышыванне, выпечка свет захапленняў надзвычай разнастайны. Але сёння мы хочам распавесці пра мылаварэнне і свечаварэнне – цікавае і вельмі прыгожае хобі, якім займаецца Людміла Лашчонава.

Людміла Лашчонава – жыхарка аграгарадка Ляскавічы, любячая жонка і клапатлівая маці цудоўных дачушак Алены і Алесі. Знахо-дзячыся ў дэкрэтным адпачынку, гераіня аповеду знайшла час для любімага занятку.
– Усё пачалося перад Вяліка-днем, – распавядае Людміла. – Гатуючыся да свята, я шукала арыгінальныя ўпрыгожанні для дома і натрапіла на велікодныя свечкі. Яны выглядалі так прыгожа, што я загарэлася думкай: чаму б не зрабіць такія самой? Мне захацелася паспрабаваць стварыць нешта ўнікальнае, што будзе радаваць вока за святочным сталом. Я набыла першы набор для творчасці, і з таго часу гэта стала маім любімым хобі. А летам я вырашыла паспрабаваць мылаварэнне. Так я пачала ствараць духмяныя букеты з мыла.
Як жа нараджаецца гэтая прыгажосць? Гераіня артыкула падзялілася з намі сакрэтамі сваёй справы. Перад пачаткам працы Людміла засцілае стол пергаментам і гатуе ўсё неабходнае: посуд для плаўлення, тэрмометр, формы, фітылі і драўляныя палачкі для фіксацыі. Для свечак яна выкарыстоўвае толькі натуральны воск – пчаліны і соевы, часцей за ўсё камбінуючы іх.
– Соевы дае мяккасць і доўгае гарэнне, а пчаліны – шчыльнасць, залацісты адценак і лёгкі мядовы водар, – рэзюмуе рукадзельніца. – Воск плавіцца пры тэмпературы каля 70-80°C. Калі ён цалкам растаў і крыху астыў, дадаю натуральныя эфірныя алеі – лаванды, апельсіна, мяты ці ружы, у залежнасці ад настрою і сезону. У падрыхтаваныя формы ўсталёўваю фітыль, фіксуючы яго драўлянай палачкай роўна па цэнтры, і павольна заліваю воск, – дзеліцца суразмоўца. – Самы доўгі этап – астыванне. Свечкі павінны застываць павольна, пры пакаёвай тэмпературы, удалечыні ад скразнякоў, каб пазбегнуць трэшчын і ўсадкі. Невялікая свечка ў баначцы застывае за 4-6 гадзін, а шматслойная – да сутак.
Калі свечка цалкам застыла, Людміла абрэзае фітыль да патрэбнай даўжыні і ўпрыгожвае яе сухацветамі, стужкамі ці васковымі пячаткамі.

– Калі свечка ў сярэднім патрабуе 40-50 хвілін работы і доўгага, спакойнага астывання, то мыла займае 30-60 хвілін працы і ўсяго ад паўгадзіны да гадзіны чакання, – тлумачыць майстрыха. – Мыла застывае ў залежнасці ад формы. У хатнім мыле захоўваюцца карысныя ўласцівасці – вітаміны, антыаксіданты, тлустыя кіслоты, – тады як прамысловае мыла пасля агрэсіўнай апрацоўкі часта пазбаўлена гэтых якасцей.
– Варка мыла – гэта яшчэ і працэс, які прыносіць задавальненне, – дзеліцца Людміла. – Я ствараю прадукт сваімі рукамі, эксперыментую з араматамі і формамі і атрымліваю прадукт, якога дакладна няма ні ў каго іншага.
На пытанне, хто з блізкіх падтрымаў гэтае цудоўнае захапленне? Людміла адказала так:
– Муж падтрымаў адразу. Яўгеній дапамог з вырабам першых свечак, а потым пачаў дапамагаць і з набыццём усяго неабходнага, – адзначыла гераіня.
Мне вельмі падабаецца маё захапленне. У кожнай створанай свечцы і кожным мыльным вырабе – часцінка маёй душы, цеплыні і натхнення. Для мяне сапраўднае шчасце ў дробязях: у паху лаванды, што разліваецца па хаце, у ціхім агеньчыку свечкі за вячэрнім сталом, у думцы, што гэтую прыгажосць ты стварыў сваімі рукамі.
Марыя ТАМКО.




