Напярэдадні Міжнароднага дня повара карэспандэнты «Петрыкаўскіх навін» завіталі на харчаблок ДУА Петрыкаўская спецыяльная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, цяжкасцямі ў навучанні.

Толькі пераступаеш парог школы-інтэрнат, як адразу адчуваеш апетытны водар свежапрыгатаванай ежы. І гэта не дзіўна: набліжаецца абед і зусім хутка сталовая напоўніцца дзіцячымі галасамі.
На кухні шчыруюць шэф-повар Алеся Шарнацкая, повары Галіна Занкевіч і Крысціна Якавец, кухонныя работнікі Марына Курдо і Таццяна Рыбалка. У кожнай з іх – свая дарога ў гэтую прафесію, але аб’ядноўвае іх адно: шчырая любоў да справы.
Шэф-повар Алеся Аляксандраўна працуе на паса-дзе чацвёрты год. Яе калега, Галіна Валер’еўна, працуе ва ўстанове больш за 25 гадоў. А вось маладому спецыялісту Крысціне Уладзіміраўне настолькі спадабаўся дружны і згуртаваны калектыў, што дзяўчына пасля двух гадоў адпрацоўкі неабходнага тэрміну вырашыла застацца працаваць у калектыве. Пра сваіх калег шэф-повар гаворыць не інакш як з пяшчотай і павагай.
Працоўны дзень у работнікаў харчаблоку пачынаецца каля шасці гадзін раніцы. Повары Галіна Занкевіч і Крысціна Якавец (пазменна) атрымліваюць тэхналагічныя карты і меню на дзень ад шэф-повара Алесі Шарнацкай. Першы прыём ежы – сняданак, значыць, да гэтага часу ўсё павінна быць гатова і накрыта на стол.

– Харчаванне ў дзяцей пяціразовае: сняданак, абед, пасляабедні і два вячэрнія прыёмы ежы, – рэзюмуе шэф-повар. – Усяго ў нас 66 выхаванцаў, з іх 24 пражываюць у інтэрнаце. – Меню разнастайнае, складаецца на два тыдні. Каб парадаваць сваіх малых гурманаў, повары праводзяць апытанні. Хлопчыкі і дзяўчынкі самі расказваюць пра свае кулінарныя мары. З любімых страў дзяцей – піца, бабка, пельмені і любімая бульба фры. – А на пасляабедні прыём ежы у нас заўсёды выпечка: шарлотка, маннікі, булачкі, ватрушкі.
У размову ўступае Галіна Валер’еўна:
– Быў у нас навучэнец Іван Міхалап, – успамінае повар. – Ён заўсёды прасіў у нас рэцэпты страў для мамы: ужо вельмі яму падабалася! Ведаеце, дзеткі заўсёды дзякуюць, абдымаюць, кажуць: “Вельмі смачна!” А гэта для нас – галоўная ўзнагарода.
Як часта, будучы ўжо дарослымі, мы ўспамінаем пра школьныя коржыкі, булачкі, абеды. Часам здаецца, што гэты смак ніколі не адчуць зноў. Напэўна, у гэтым ёсць доля праўды, бо гэта смак дзяцінства. Да ўсяго іншага праца повараў фармуе здаровыя харчовыя звычкі ў дзяцей і пакідае прыемныя ўспаміны пра школьнае жыццё.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные