У аграгарадку Ляскавічы прайшоў VI Форум сельскай моладзі Гомельскай вобласці.

Мерапрыемства аб’яднала больш за 100 маладых спецыялістаў і работнікаў аграпрамысловага комплексу з усіх куткоў рэгіёна.
Праграма форуму пачалася з урачыстага адкрыцця і цырымоніі ўскладнання кветак да воінскага пахавання. Далей працоўная моладзь далучылася да патрыятычнай акцыі «Сімвалы, якімі ганаруся!». Удзельнікі форуму зрабілі сумеснае фота з вышыні птушынага палёту з 8-мятровым сцягам Рэспублікі Беларусь.
Маладзёжная дэлегацыя перамясцілася ў Музей прыроды нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Менавіта тут адбылася ключавая падзея форуму – адкрыты дыялог з удзелам старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко і памочніка Прэзідэнта – інспектара па Гомельскай вобласці Юрыя Валяватага.Галоўнай тэмай для абмеркавання стала замацаванне сучаснага пакалення кадраў у сельскай гаспадарцы.
Кіраўнік рэгіёну Іван Крупко падкрэсліў, што комплекснае ўладкаванне кадрамі глыбінкі і замацаванне людзей у аграгарадках і вёсках – безумоўны прыярытэт і адзін з асноўных элементаў дзяржаўнай палітыкі:
– У краіне рэалізуецца стратэгія моцных рэгіёнаў. Ключавая задача – каб ні адзін раён не адставаў, а ўсе развіваліся раўнамерна. Умовы ў вёсцы ўдасканальваюцца па ўсіх напрамках: ад вытворчай сферы да аховы здароўя, спорту, культуры, ад магчымасцей вядзення бізнесу да развіцця турызму. Таму імкніцеся ў самым пачатку свайго працоўнага шляху заваяваць аўтарытэт на месцах, стаць сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы.
У сваю чаргу, памочнік Прэзідэнта Юрый Валяваты звярнуў увагу моладзі на тое, што сучасны аграпрамысловы комплекс адкрывае каласальныя магчымасці для рэалізацыі амбіцыйных ідэй:
– Якімі вы станеце спецыялістамі ў сваіх калектывах, у першую чаргу залежыць толькі ад вашага жадання развівацца, удасканальвацца, ад вашай любові да абранай справы.
Практычны блок форуму быў напоўнены душэўнай цеплынёй і рэальнай дапамогай. У рамках дабрачыннай акцыі «Падзяліся цяплом душы сваёй» валанцёрскі атрад «Добрае сэрца» Ляскавіцкай сярэдняй школы і ўдзельнікі форуму наведалі Ляскавіцкую ўчастковую бальніцу.
Актывісты перадалі падарункі пажылым людзям, якія знаходзяцца ў палатах сястрынскага догляду, а таксама падрыхтавалі для іх кранальную канцэртную праграму. Фіналам гэтага візіту стала закладка памятнай алеі.
Маладыя аграрыі наведалі Таварную ферму «Брынёў» ААТ «Агра-Ляскавічы», дзе азнаёміліся з тэхналогіяй вырошчвання мясной жывёлы абердзін-ангускай пароды. Умовы ўтрымання, кармавая база, сучаснае абсталяванне – усё гэта выклікала жывую цікавасць у моладзі.
Наступная кропка – музей Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. Удзельнікі пазнаёміліся з унікальнай флорай і фаўнай Палескага краю, даведаліся пра багацце запаведных тэрыторый, побыт і традыцыі палешукоў.
Завяршальным пунктам маршруту VI Форума сельскай моладзі стала наведванне сафары-парка. Пасля насычанага дня – сустрэч, экскурсій і знаёмства з вытворчасцю – удзельнікі змаглі адпачыць і атрымаць асалоду ад жывой прыроды Палесся. Жывёльны свет парку, маляўнічыя пейзажы і свежае паветра сталі выдатным фіналам дня.


Марыя ТАМКО, фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные