«Вадкае золата» з лясных глыбінь

0
287

Наша падарожжа ў пчаліны свет атрымалася па-сапраўднаму незвычайным. Калі мы думаем пра мёд, уяўленне малюе звыклы вясковы пчальнік з драўлянымі вуллямі ў садзе. Але ў гэты раз мы вырашылі паглядзець, як здабываюць “вадкае золата”, у зусім іншым месцы – у глыбіні лясных масіваў Петрыкаўскага лясгаса.

Пра тое, як жывуць лясныя пчолы, нам распавёў пчаляр Камаровіцкага лясніцтва Андрэй Юхалка. Для Андрэя Уладзіміравіча пчалярства – гэта не проста прафесійны абавязак, а сапраўднае пакліканне і справа жыцця. Ён займаецца бортніцтвам не толькі на працы, але і ўдасканальвае сваё майстэрства на ўласным пчальніку дома.

Лясная пасека: дзе нараджаецца чысціня
На пасецы лясніцтва пануе асаблівая атмасфера. Сёння тут “пражываюць” 65 пчоласем’яў пароды бакфаст. Гэтыя пчолы вядомыя сваёй працавітасцю і высокай прадукцыйнасцю, што дазваляе атрымліваць выдатны ўраджай прыроднага ласунку.
Андрэй Уладзіміравіч адзначае, што пчалярства – гэта праца, якая патрабуе не толькі ведаў.
– Вулей – гэта складаны механізм, дзе кожная пчала выконвае сваю ролю, каб у выніку мы змаглі атрымаць карысны і духмяны прадукт, – дзеліцца пчаляр. – Пчальнікі размяшчаем удалечыні ад дарогі, у зацішным месцы, паколькі пчолы не любяць шуму. У адрозненне ад палёў, дзе насякомыя збіраюць нектар з аднаго віду раслін, лясная пасека – гэта месца, дзе прырода стварае свае самыя спрыяльныя ўмовы: пчолы носяць нектар з дзікіх траў, малінніку, ліпы і іншых лясных кветак.
Менавіта гэтая разнастайнасць робіць мёд асаблівым. Ён валодае непаўторным водарам, глыбокім смакам і, што самае галоўнае, неверагоднай канцэнтрацыяй карысных рэчываў.


Праца, якую нельга спыніць
Працэс здабычы мёду – гэта сапраўдны рытуал. Акуратнае выманне рамак, адпампоўка залацістай вадкасці, якая струменіцца праз фільтры – у гэты момант разумееш, колькі працы стаіць за адной лыжачкай гэтага ласунку.

Чаму лясны мёд – гэта скарб?
Мёд, сабраны ў лясных масівах, лічыцца адным з самых экалагічна чыстых прадуктаў. У гэты час на тэрыторыі Камаровіцкага лясніцтва ідзе збор мёду разнатраўя. За сезон звычайна выпампоўваюць мёд тры разы. Нягледзячы на халодную вясну, агульнымі намаганнямі было сабрана 382 кілаграмы.

Чым жа карысны гэты прыродны дар?
– Лясны мёд валодае выдатнымі антысептычнымі ўласцівасцямі. Дзякуючы разнастайнасці раслін, у ім утрымліваецца ўвесь спектр мікраэлементаў, неабходных для падтрымання імунітэту, а яшчэ гэта лепшы сродак для аднаўлення сіл пасля працоўнага дня або падчас прастуды, – рэзюміруе пчаляр.
Дзякуючы работнікам Петрыкаўскага лясгаса вы можаце не только пасмакаваць гэты цудоўны прадукт за кубачкам гарбаты, але і ўмацаваць імунітэт і захаваць здароўе!

Марыя ТАМКО.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные