Зямельныя рэсурсы – аснова асноў дзяржавы

0
599

Сёння адзначаюць сваё прафесійнае свята работнікі землеўпарадкавальнай і картаграфічнай службы, людзі, дзейнасць якіх патрабуе глыбокіх ведаў у зямельным заканадаўстве, адказнасці, аператыўнасці, умення працаваць у камандзе. Менавіта такія спецыялісты працуюць у аддзеле землеўпарадкавання Петрыкаўскага райвыканкама.

Зямельныя рэсурсы – аснова асноў дзяржавы

Штат аддзела землеўпарад-кавання Петрыкаўскага райвыканкама невялікі – тут працуюць пяць чалавек, а задач у іх хапае. Любое будаўніцтва, рэканструкцыя – будзь то жылы дом, ці прадпрыемства, новая дарога, лінія электраперадач, апрацоўка зямлі не абыходзіцца без зямельнікаў. У аддзел ідуць грамадзяне па пытаннях афармлення ўчасткаў жылых дамоў, вядзення агародніцтва і садоўніцтва, вырашэння зямельных спрэчак. Да ўсіх пытанняў работнікі падыходзяць адказна і ўзважана, праяўляючы найлепшыя прафесійныя якасці. Ацэнкай работы калектыву лічыцца і своечасовае, якаснае выкананне пастаўленых задач дзяржавай. Пра напрамкі ў рабоце службы, якія вызначаны ў рэспубліканскім парадку дня, мы пагаварылі з начальнікам аддзела землеўпарадкавання Надзеяй Будовіч-Ермак.

– Нельга сказаць, што нейкі напрамак у нашай сферы менш ці больш значны. У супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні з нашай службай маюць неабходнасць практычна ўсе галіны Петрыкаўшчыны. Вядома, час ставіць перад намі новыя задачы, якія патрабуюць аператыўнасці і актуалізацыі рэсурсаў. Да такіх можна аднесці праблему зарастання зямель драўняна-хмызняковай расліннасцю, – дзеліцца Надзея Міхайлаўна.

Па словах начальніка аддзела, праблема заслугоўвае ўвагі, у першую чаргу таму, што з’яўляецца адной з асноўных прычын скарачэння сельгасугоддзяў. Пытанне павелічэння такіх, земляў, не ўцягнутых у гаспадарчы абарот, было вынесена ў канцы 2022 года на нараду на ўзроўні Прэзідэнта краіны. Даручэнне Кіраўніка дзяржавы: уключыць да 2030 года ў гаспадарчы абарот сельскай і лясной гаспадаркі – максімум такіх зямель.

– Па выніках нарады ў рэгіёнах зацверджаны планы па ўцягванні пазначаных земляў у гаспадарчы абарот. Калі ўзяць Петрыкаўшчыну, то такіх участкаў больш за 7800, агульнай плошчай 9600 гектараў. У мінулым годзе, з запланаваных 331 гектара, было ўцягнута ў сельскагаспадарчы абарот 47 гектараў і 389 гектараў, перададзена Петрыкаўскаму лясгасу для вя-дзення лясной гаспадаркі. На бягучы год, запланавана 556 гектараў далучыць у лесагаспадарчы абарот і 83 – у сельскагаспадарчы абарот раёна. У цесным супрацоўніцтве з сельгасарганізацыямі “Палессе-Аграінвест”, “Навасёлкі”, “Чалюшчавічы” гэта работа ўжо ў стадыі рэалізацыі. У перспектыве – гэта будучы ўраджай, сенакос, паша для жывёлы, лесанасаджэнні, – распавяла Надзея Міхайлаўна.

– Вядома, каб такія землі былі прыдатныя і прыносілі эканамічную карысць – гэта праца не аднаго дня. Для дасягнення мэты працуе цэлая каманда: зямельная служба, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, лясгаса, ПМС, ПМК. Але ўсе мы ідзём да адной мэты: кожны кавалачак зямлі павінен быць выкарыстаны беражліва і па прызначэнні. Надзея Міхайлаўна адзначыла, што калі казаць пра задачы, якія стаяць перад землеўпарадкавальнай службай, то нароўні з традыцыйнымі, час дыктуе і новыя. Сёння, у разрэзе рэспублікі, востра стаіць пытанне нізкабальных зямель, якія павінны атрымаць патрэбнае прымяненне, якасна выкарыстання пустуючых тэрыторый, у тым ліку і тых, што належаць насельніцтву. Па сутнасці, сёння зямельнае заканадаўства, у той ці іншай ступені, закранае інтарэсы як насельніцтва, так і суб’ектаў гаспадарання, дзяржавы. Таму, на думку суразмоўцы, людзі, якія прыйшлі ў прафесію, павінны быць мабільнымі, актыўнымі, адсочваць законы і новаўвядзенні, займацца самаадукацыяй, бо на іх ляжыць вялікая адказнасць: правільна арганізаваць выкарыстанне прыроднага багацця, захаваць для будучых пакаленняў квітнеючы край.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о