Зямельная спрэчка: перадумовы і шляхі яе вырашэння

0
116

Пытанні суседскіх узаемаадносін часам трапляюць на старонкі нашага выдання. Сёння чарговае хвалюючае пытанне ад нашых чытачоў: што рабіць, калі сусед вырашыў паставіць новую агароджу і прыхапіў частку вашага ўчастка.
За адказам мы звярнуліся да начальніка аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Надзеі БУДОВІЧ-ЯРМАК.

– Сапраўды, нярэдка ў грама-дзян, якія маюць дакументы на зямельныя ўчасткі, адсутнічаюць звесткі аб праходжанні іх межаў на мясцовасці. У адпаведнасці з заканадаўствам, тэхнічны пашпарт на капітальную пабудову не адносіцца да ліку правазасведчвальных дакументаў на зямельны ўчастак і не дазваляе дакладна вызначыць яго памер і межы.
Адзіным дакументам, які сведчыць права на зямельны ўчастак, з’яўляецца пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Пры яго афармленні мяжа ўчастка замацоўваецца межавымі знакамі. Пры гэтым землекарыстальнікі нясуць поўную адказнасць за іх захаванасць, – пазначыла пры сустрэчы Надзея Міхайлаўна.
На жаль, на практыцы захаванасць межавых знакаў не ўсімі забяспечваецца – агароджа нярэдка ўсталёўваецца ў аднабаковым парадку, гэта значыць без узгаднення з суседам і па сваім меркаванні. У выніку адбываецца поўная ці частковая страта межавых знакаў. Як вынік – узнікненне зямельнай спрэчкі.
Што ў такім выпадку рабіць і куды звяртацца – тлумацыць наша суразмоўца.
– Зямельныя спрэчкі, звязаныя з межамі ўчасткаў, разглядаюцца раённым выканаўчым камітэтам.
Каб пачаць працэдуру разгляду зямельнай спрэчкі, трэба падаць заяву ў мясцовы выканаўчы камітэт і падаць дакументы (правасведчальныя дакументы, схемы, тэхнічныя пашпарты, выпіскі з пагаспадарчых кніг, абрысы і іншыя) на зямельны ўчастак і капітальныя будынкі, размешчаныя на ім, матэрыялы геадэзічных вымярэнняў зямельных участкаў (пры іх наяўнасці) і іншыя дакументы, якія засведчваюць пазіцыю зацікаўленага боку, – звярнула ўвагу начальнік аддзела землеўпарадкавання.
У заяве, як пазначыла Надзея Міхайлаўна, неабходна ўказаць прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас і кантактныя дадзеныя, а таксама дадзеныя аб зямельным участку, па праходжанні мяжы якога ёсць спрэчка. Важна таксама ўказаць сутнасць зямельнай спрэчкі і патрабаванні зацікаўленага боку, гэта значыць, які варыянт вырашэння зямельнай спрэчкі прапануецца.
Зямельная спрэчка будзе
разгледжана спецыяльнай камісіяй, якая створана мясцовым выканаўчым камітэтам. У гэтым працэсе прымаюць удзел усе зацікаўленыя бакі. Пра час і месца разгляду спрэчкі паведамляецца не пазней чым за 3 дні да яго разгляду.
Рашэнне па зямельнай спрэчцы павінна быць прынята на працягу аднаго месяца пасля падачы заявы. Калі адзін з бакоў не з’явіцца на пасяджэнне камісіі, то разгляд спрэчкі можа быць перанесены.
Пасля прыняцця рашэння, мясцовы выканаўчы камітэт накіруе копію гэтага рашэння ўсім зацікаўленым бакам.
Кожны з бакоў, якія ўдзельнічаюць у зямельнай спрэчцы, мае права абскардзіць рашэнне па зямельнай спрэчцы ў вышэйстаячы мясцовы выканаўчы камітэт або ў суд. Абскарджанне рашэння па зямельнай спрэчцы прыпыняе яго выкананне.
Тое, як будзе разгледжана зямельная спрэчка, у многім залежыць ад аб’ектыўнасці патрабаванняў, што прад’яўляюцца тым ці іншым бокам, ад абгрунтаванасці пазіцыі і ад усіх існуючых абставін, якія да моманту вырашэння зямельнай спрэчкі вядомы мясцоваму выканаўчаму камітэту.

Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о