Зялёны канвеер працуе на поўную магутнасць

0
83

У гарачыя і сонечныя ліпеньскія дні ў сельгаспрадпрыемствах Петрыкаўшчыны на поўную магутнасць працуе зялёны канвеер. Як арганізавана праца ў БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы”, вывучала наш карэспандэнт.

Тэхніка і людзі ў полі заняты ўвесь светлавы дзень – у гаспадарцы ідзе другі ўкос шматгадовых траў. Работы трэба зрабіць вельмі шмат, таму тэмпы, як зазначае кіраўнік, змяншаць не даводзіцца.

Па словах кіраўніка гаспадаркі Сяргея Ракіцкага, нарыхтоўка травяністых кармоў – справа, без перабольшвання, стратэгічнай важнасці. Менавіта ад якасці нарыхтаваных кармоў у пэўнай ступені залежыць эканамічныя паказчыкі сельгаспрадпрыемства.
– Духмянае сена, сакавітая “зялёнка”, багаты на пратэіны сянаж шмат у чым вызначаюць прадуктыўнасць буйной рагатай жывёлы, захаванасць пагалоўя, сярэдні надой малака, сярэднесутачныя прыбаўленні ў вазе і, як вынік, эканамічную эфектыўнасць галіны жывёлагадоўлі, – пазначыў у час размовы Сяргей Мікалаевіч.

Задача механізатараў і вадзіцеляў – своечасова правесці ўсе работы, каб захаваць пажыўнасць і якасць кармоў пры закладцы ў траншэі – ім добра вядома: на нарыхтоўцы кармоў, традыцыйна, задзейнічаны лепшыя механізатары ААТ “Чалюшчавічы”.
Механізаваны атрад на нарыхтоўцы кармоў заняты ўвесь светлавы дзень. Дынаміка ў калектыва добрая. У дзень нашага прыезду на палетку працавалі два кормаўборачныя камбайны, дзве касілкі і сем адзінак тэхнікі былі задзейнічаны на адвозцы. Механізатары на адвозе зялёнай масы ад камбайна са сваімі задачамі спраўляюцца на выдатна – за плячыма гады працы, адпаведна, і вопыту. Аднак, як пазначыў у час сустрэчы кіраўнік сельгаспрадпрыемства, нарыхтоўка травяных кармоў – гэта толькі палова справы, вельмі важна забяспечыць іх захаванасць да новага ўраджаю у найлепшых кандыцыях.

– У гаспадарцы на зімова-стойлавы перыяд кармоў заўсёды нарыхтоўваецца дастаткова. Аднак, каб мець добрыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі, гэтага мала. Для павелічэння прадуктыўнасці жывёл, апроч усяго іншага, патрэбен першакласны фураж.
Мы практыкуем дзве асноўныя тэхналогіі нарыхтоўкі сенажу: закладка яго ў траншэі, а таксама згортванне ў рулоны і ўпакоўка ў поліэтыленавую плёнку.

Уладзімір Ракіцін і Іван Каленік не “навічкі” ў сельскай гаспадарцы: у кожнага з іх за плячыма больш за дваццаць гадоў механізатарскага стажу

Што да першага спосабу, то тут за справу бяруцца лепшыя механізатары, якія задзейнічаны на трамбоўцы сянажных ям і траншэй. На сённяшні дзень гаспадаркай нарыхтавана 15698 тон сенажу. Тэхналогія закладкі сянажнай траншэі застаецца ранейшай, яна, як і 10, 20 гадоў таму, патрабуе ўважлівасці і адказнасці кожнага працаўніка, – пазначае Сяргей Ракіцкі.
Каб здробненая трава не губляла пажыўныя рэчывы, зялёную масу неабходна бесперапынна разраўноўваць і якасна ўтрамбоўваць. Дадзеную аперацыю з асаблівым стараннем выконваюць Уладзімір Ракіцін і Іван Каленік. Мужчыны не навічкі ў сельскай гаспадарцы: у кожнага з іх за плячыма больш за 20 гадоў механізатарскага стажу
– У гаспадарцы дакладна распланавана структура плошчаў, паэтапна вядзецца нарыхтоўка кожнага віду корму з пэўнага ўчастка, дакладна расстаўлена тэхніка. У любой справе ўсё трэба паспяваць своечасова, інакш адзін від работы абавязкова накладзецца на іншы, і пра якасць і своечасовасць можна будзе забыць. Мы сабе такога дазволіць не можам, таму стараемся працаваць з улікам распрацаванага рэгламенту, – дадаў Сяргей Ракіцкі. Гэтым правілам, як пазначыў кіраўнік, кіруюцца ўсе работнікі ААТ “Чалюшчавічы”, таму з упэўненасцю глядзяць у будучыню і атрымліваюць добры вынік.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о