У рэдакцыю “Петрыкаўскіх навін” працягваюць даходзіць лісты ад насельніцтва з просьбай аказаць садзеянне ў вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці.

Апошні з іх – ад жыхара вёскі Івашкавічы Мікалая Адаміча.
“Летась праходзіў рамонт участка дарогі ад трасы М-10 да гарадскога пасёлка Капаткевічы праз вёскі Рог, Івашкавічы. Дарожнікі зрабілі ўсё добра, якасна. Дзякуй ім за гэта! Але ёсць адзін факт, які хвалюе жыхароў нашага населенага пункта і звязаны ён з новым заасфальтаваным прыпыначным пунктам. Да рамонту дарогі на прыпынку было дзве лаўкі і ўрна для смецця. Пасля рэканструкцыі новая сметніца з’явілася, а пра лаўкі забыліся.
Прайшло больш за год часу, а сітуацыя не мяняецца”.
Аўтар падзяліўся, што з жонкай жыве ў Мазыры, але на кожны летні сезон яны едуць на малую радзіму ў бацькоўскі дом. У Івашкавічах жывуць у асноўным пенсіянеры, якія часта ездзяць у Мазыр, Петрыкаў, Пціч. Да аўтобуснага прыпынку вяскоўцы ідуць амаль два кіламетры, а трэба яшчэ пачакаць транспарт. Прысесці няма дзе, не кажучы пра які-небудзь навес ад сонца, дажджу, снегу.
Супрацоўнік рэдакцыі выехала паглядзець на праблему на месцы. Усё напісанае Мікалаем Сцяпанавічам адпавядае рэчаіснасці (на фота). Акрамя таго, карэспандэнт раённага выдання пагутарыла з насельніцтвам Івашкавіч падчас прыезду аўталаўкі. Жыхары далучаюцца да заўваг і просьбы земляка і адзначаюць актуальнасць пытання.
Просім адказныя службы знайсці магчымасці і вырашыць дадзеную сітуацыю.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о