Стыхійныя звалкі, нягледзячы на пільную ўвагу да гэтага пытання з боку кантралюючых органаў, часам маюць месца быць. Сустракаюцца яны, як правіла, часцей за ўсё ў лясных масівах, на берагах вадаёмаў, на ўзбочынах палеткаў сельгаспрадпрыемстваў.
Адна з іх днямі трапіла ў наша поле зроку падчас сумеснага рэйду з прыродаахоўнікамі па «адпрацоўцы» тэмы выканання землякамі і арганізацыямі прыродаахоўнага заканадаўства.
Выяўленая звалка знаходзіцца на тэрыторыі Муляраўскага сельскага Савета, у вёсцы Слабада. Па характэрным смецці, а гэта бытавыя і будаўнічыя адходы жыццядзейнасці чалавека, можна сцвярджаць, што такім чынам свой след на роднай зямлі пакінуў адзін з нашых землякоў. “Гаспадар”, наводзячы парадак на ўласным падворку, звёз ці вынес смецце на ўзбочыну палетка гаспадаркі “Пціч-Агра”. Такім чынам, замест таго, каб у Год добраўпарадкавання стаць ініцыятарам добрай і карыснай справы, арганізаваў звалку.
Што тут скажаш – сорамна і крыўдна за такія адносіны да роднай зямлі з боку асобных землякоў. Што да гаспадара земляў, ААТ “Пціч-Агра”, то парадак трэба навесці.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий