Знайсці свой прафесійны шлях

0
763

Знайсці свой прафесійны шлях

Сёння адзначаюць сваё прафесійнае свята работнікі фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці. Напярэдадні падзеі карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” накіраваліся ў аграгарадок Курыцічы да Наталлі Баярчук, працоўны стаж у аптэкарскай галіне якой складае больш за сорак гадоў.

Нарадзілася і вырасла наша гераіня ў пасёлку Капцэвічы. Прызнаецца: будучы вучаніцай заўсёды хацела стаць медыкам. Бліжэй да заканчэння другой ступені навучання канчаткова вырашыла, што жадае звязаць сваё жыццё з фармацэўтыкай. У планах падтрымала маці.
– Базавую школу я закончыла добра, вырашыла стаць студэнткай Магілёўскага медвучылішча. Каб замацаваць атрыманыя веды, запісалася на двухмесячныя курсы пры медустанове. Уступныя экзамены па рускай мове і матэматыцы здала добра. Вучыцца было нялёгка: вялікі аб’ём інфармацыі, няшмат вольнага часу. Аднак ніколі не ўзнікала думкі пакінуць вучобу, хацелася дасягнуць мэты, – пачала гутарку медык. Атрымаўшы дыплом па спецыяльнасці “Фармацэўт”, у 1981 годзе малады спецыяліст прыехала на сваё першае месца працы ў Курыцічы. Уяўленні аб працоўных буднях супалі з рэальнасцю.
– Людзі прыходзяць, ты ім дапамагаеш, кансультуеш. Падабаецца працаваць і з наведвальнікамі, і з дакументацыяй. Напачатку было складана прывыкнуць да новага месца, а праз невялікі прамежак часу прыйшло адчуванне ўпэўненасці. “Пасябравала” з шырокім пералікам аптэчных тавараў і ўжо хутка магла прадбачыць: што і ў якім сезоне будзе найбольш запатрабавана, – дзеліцца суразмоўца.
З гадамі аптэкар толькі ўпэўнівалася ў правільнасці выбару. Яна і сёння атрымлівае сапраўднае задавальненне ад працы, ад зносін з людзьмі. Нягледзячы на вялікі вопыт, Наталля Леанідаўна пастаянна ўдасканальвае свае веды: самастойна вывучае неабходную літаратуру, сочыць за навінкамі, што паступаюць на фармацэўтычны рынак. Прафесіяналізм, добрыя практычныя веды дазваляюць ёй заўсёды даць слушную параду, нешта падказаць кожнаму вяскоўцу, хто звяртаецца за дапамогай. А чакаюць ад яе дапамогі больш за шэсцьсот жыхароў населеных пунктаў Муляраўскага сельскага Савета, якіх Наталля Леанідаўна сустракае ветлівым абслугоўваннем і стараецца адарыць усмешкай.
Гераіню артыкула можна спаўна лічыць шчаслівым чалавекам: побач любячы муж, з якім выхавалі цудоўную дачку, карыстаецца спецыяліст заслужаным аўтарытэтам сярод калег, адчувае ўдзячнасць ад землякоў.
Напрыканцы нашай гутаркі Наталля Леанідаўна пажадала сваім калегам моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях.
Калектыў рэдакцыі далучаецца да віншаванняў і выказвае ўдзячнасць фармацэўтам Петрыкаўшчыны за іх працу.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о