Днямі ў спартыўнай зале ДЮСШ прайшлі раённыя спаборніцтвы па спартыўным шматбор’і сярод кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і сельвыканкамаў Петрыкаўшчыны ў праграме ХХ раённай спартакіяды.
Адразу адзначым, што сёлетні турнір быў адметным: калі раней удзельнікаў можна было пералічыць літаральна па пальцах адной рукі, то на гэты раз “масаваму старту” была нададзена асаблівая ўвага і на ўрачыстым пастраенні з нагоды адкрыцця спаборніцтваў налічвалася ўжо амаль тры дзясяткі чалавек.
Звяртаючыся да прысутных, старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў заўважыў, што ўсе, хто пераадолеў сябе і прыйшоў у гэты дзень на спартыўнае мерапрыемства – ужо пераможцы, бо зрабілі самы галоўны крок да актыўнага ладу жыцця. Аляксандр Аляксандравіч пажадаў усім лёгкіх стартаў і поспехаў, пасля чаго ўдзельнікам былі растлумачаны правілы турніру.
Праграма спартакіяды сярод кіраўнікоў складалася з пяці этапаў, дзе ўдзельнікам было прапанавана выконваць практыкаванні з розных відаў спорту. Усе этапы былі не складаныя і вынікі тут залежалі не столькі ад узросту, колькі ад спрыту і, галоўнае, вопыту – таму і канкурэнцыя на турніры была даволі моцнай. Спартсменам прапанавалася набіваць мяч для настольнага тэнісу рознымі бакамі ракеткі – колькасць набіванняў за хвіліну падсумоўвалася; пасаваць сабе ж валейбольны мяч, трымаючы яго такім чынам у паветры над галавой – залічвалася лепшая спроба па колькасці пасаў; папасці ўдарам нагі па мячу і збіць адну з кегляў, што стаялі ў створы варот – спроб рабілася тры; праверыць сябе ў трапнасці кідання баскетбольнага мяча са штрафной пазіцыі дзясяткам кідкоў і дроцікаў – у дартсе.
Зразумела, што атрымліваліся практыкаванні ва ўсіх з большым ці меншым поспехам, але варта адзначыць, што настрой у той дзень быў ўзнёслы ў кожнага спартсмена: адны згадвалі дзяцінства і юнацтва, другія з самаіроніяй адзначалі, што нядрэнна было б іншы раз арганізоўваць трэніроўкі.
Больш за гадзіну праходзілі спаборніцтвы і, пасля чаканага падвядзення вынікаў, судзейская калегія была гатова ўзнагародзіць лепшых атлетаў. Аляксандр Верамееў заўважыў, што ўдзельнікам спартыўнае мерапрыемства спадабалася і многія выказалі жаданне наведваць спартыўную залу на сістэматычнай аснове – так бы мовіць турнір падштурхнуў да больш актыўнага ладу жыцця. Было адзначана таксама, што перамаглі ў агульным выніку здароўе і цудоўны настрой, а турнір прадэманстраваў, як цудоўна і карысна можна бавіць час, атрымліваючы станоўчыя эмоцыі.
Але турнір на тое і турнір, каб вызначыць лепшых, і трэба было пачынаць цыры-монію ўзнагароджання самых спартыўных кіраўнікоў Петрыкаўшчыны. Трэцяе месца ў агульным заліку сярод жанчын дасталася дырэктару прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Петрыкаўскім раёне Паліне Бельскай, другі агульны вынік паказала загадчык сектара культуры райвыканкама Яна Мамрова, а перамогу святкавала ўпраўляючы справамі райвыканкама Алена Пастухова.
Сярод мужчын трэцяя прыступка п’едэстала скарылася намесніку начальніка РАНС Васілю Міцуры, другое месца было за дырэктарам Петрыкаўскага ПМС Аляксеем Крупіневічам, а лепшым у гэты дзень быў выконваючы абавязкі кіраўніка Петрыкаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Віталь Рубіс.
Не лішнім будзе зазначыць і яшчэ адну дэталь: вынікі ўваходзяць у залік ХХ раённай спартакіяды, а гэта значыць, што кіраўнікі і іх намеснікі могуць аказаць добрую паслугу сваім калектывам у час падліку балаў агульных спаборніцтваў.
Віншуем прызёраў турніру і спадзяемся, што наступны старт будзе не менш масавым!
Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.
Оставить комментарий