Днямі мы завіталі да начальніка аддзела ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама Ганны Туравец і пацікавіліся, наколькі «шчодрым» быў першы квартал бягучага года на заключэнне шлюбаў і нараджэнне маленькіх петрыкаўчан. Цікавыя лічбы статыстыкі і не толькі – у нашым матэрыяле.

Па інфармацыі суразмоўцы, за тры месяцы бягучага года ў аддзеле ЗАГС і ў сельвыканкамах Петрыкаўшчыны зарэгістравана 40 нараджэнняў. 25 дзетак атрымалі пасведчанне аб нараджэнні непасрэдна ў аддзеле ЗАГС.
Упершыню спазналі шчасце бацькоўства 12 сямейных пар. А вось статус шматдзетнай сям’і ў першым квартале набылі 10 пар.
– Прыемна, што шматдзетных сем’яў на Петрыкаўшчыне з кожным годам становіцца ўсё больш. У першыя тры месяцы бягучага года 5 і 6 дзіця нарадзілася ў дзвюх сем’ях землякоў, — пазначыла ў час размовы Ганна Іванаўна.
Што да гендэрнага пытання, то перавага ў справаздачным перыядзе, як паведаміла начальнік аддзела, на баку хлопчыкаў, іх нарадзілася 22, прычым 15 з нованароджаных зарэгістраваны ў райцэнтры.
Што да папулярных імёнаў пры рэгістрацыі нованароджаных хлопчыкаў, то імі аказаліся Іван, Кірыл, Мацвей і Сяргей. Першым з ліку папулярных імёнаў нараклі трох немаўлят, кожнае з іншых імёнаў па двойчы выбіралі бацькі і родныя для маленькіх землякоў.
Дзяўчынак у першым квартале нарадзілася 18. З іх 10 – гараджанкі, яны былі зарэгістраваны аддзелам ЗАГС, і 8 дзяўчынак нарадзіліся ў сем’ях жыхароў сельскіх населеных пунктаў.
Папулярныя імёны пры рэгістрацыі дзяўчынак — Вікторыя (3) і Адэліна (2).
Сярод рэдкіх – Варвара і Васіліса.
Што да статыстычных дадзеных адносна сярэдняга ўзросту бацькоў, то ён склаў для бацькі 29 гадоў, для маці –27 гадоў.
Самыя маладыя бацькі: бацька – 21 год, маці – 19 гадоў.
Максімальны ўзрост, у якім у справаздачным перыядзе землякі станавіліся бацькамі, для бацькі склаў 38 гадоў, а для маці – 37 гадоў.
З пачатку года на Петрыкаў-шчыне зарэгістравана 28 шлюбаў, з іх 21 шлюб заключаны ў аддзеле ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама.
Цікавая статыстыка і з выбарам даты заключэння шлюбу. Так, за студзень месяц у ЗАГС падалі 11 заяў аб рэгістрацыі шлюбу, столькі ж і заключылі шлюб у лютым месяцы. Папулярным днём для падачы заявы аказалася 14 сакавіка, у гэты дзень у аддзел ЗАГС звярнуліся 6 пар.
Сярэдні ўзрост заключэння шлюбу сёлета такі: 33 гады для жаніха і 31 год для нявесты.
Мінімальны ўзрост, у якім землякі стваралі сем’і, склаў 20 гадоў для жаніха і 18 для нявесты.
Максімальны ўзрост, у якім пары рэгістравалі свае адносіны — 65 гадоў для жаніха і 64 для нявесты.
На жаль, для скасавання шлюбу ў аддзел ЗАГС, па інфармацыі начальніка, звярнуліся 2 пары для падачы заявы. Гэта працэдура, па шчырым прызнанні суразмоўцы, заўсёды выклікае не самыя лепшыя эмоцыі: шкада, што рушыцца саюз некалі любячых сэрцаў.
– А вось зарэгістравана скасаванне шлюбу толькі 1-ой парай, і гэта не можа не радаваць, – адзначыла Ганна Туравец. – Сітуацыі, канешне, бываюць розныя, аднак важна пастарацца пры любых жыццёвых абставінах зберагчы пачуццё і захаваць сям’ю. Ну а калі скасавання шлюбу пазбегнуць не ўдаецца, варта рабіць гэта цывілізавана.
А я ў сваю чаргу жадаю землякам звяртацца ў аддзел ЗАГС для рэгістрацыі прыемных і радасных падзей.

Запісала Галіна Казак.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о