Жніво – час вялікіх надзей

0
242

 

Напрыканцы мінулага тыдня на палетках вядучага сельгаспрадпрыемства раёна СУП “Палессе-Аграінвест” стартавала ўборка азімага рапсу. Ва ўрочышчы “За Міхаленка” абмалочваць алейную культуру выйшлі чатыры экіпажы самых вопытных механізатараў гаспадаркі. За жнівом назірала наш карэспандэнт.

Пад азімы рапс у сельгаспрадпрыемстве сёлета адведзена 400 гектараў пасяўных плошчаў. Чаканы валавы збор, па інфармацыі кіраўніка гаспадаркі Алены Асадчай, павінен скласці каля 700 тон.
– Для сяўбы мы выкарыстоўвалі насенне рапсу гатунку “Мікалай” беларускай селекцыі. Выбар гатунку невыпадковы: “Мікалай” адрозніваецца высокай ураджайнасцю, марозаўстойлівасцю, устойлівасцю да палягання і абсыпання, а таксама раўнамернасцю паспявання.
Рапс – культура высокатэхналагічная, – адзначае наша суразмоўца. – І пры гэтым яна патрабуе пэўных ведаў і вопыту як пры вырошчванні, так і пры ўборцы ўраджаю. Ключавое значэнне маюць менавіта аптымальныя тэрміны ўборкі. Таму пакуль стаіць надвор’е, працуем пад максімальную загрузку.
Алена Мікалаеўна ўпэўнена, што дапускаць перастою культуры на полі нельга, інакш саспелыя струкі рапсу пачынаюць абсыпацца нават пры нязначным механічным уздзеянні на іх. Рэнтабельнасць продажаў рапсу ў мінулым годзе, па інфармацыі кіраўніка гаспадаркі, склала 13,6 працэнта. Сёлета ў планах пераўзысці мінулагодні паказчык.
– Віды на ўраджай адносна нядрэнныя. Важна ўбраць хутка і якасна, каб потым перайсці на пшаніцу, жыта і іншыя збожжавыя культуры, якія сёлета спеюць хутчэй чым звычайна. Азімы рапс выгадна вырошчваць, не дарма яго часта называюць чорным золатам, – рэзюмавала Алена Мікалаеўна. – Да таго ж ён выдатны папярэднік для іншых культур і бялковая сыравіна для атрымання якасных камбікармоў.
На ўрочышчы “За Міхаленка” за дзень было ўбрана 40 гектараў азімага рапсу, валавы збор збожжа склаў 80 тон, ураджайнасць – 20 цэнтнераў з гектара. На ўборцы было задзейнічана 4 экіпажы камбайнаў: Генадзь Рута з памочнікам Канстанцінам Корбутам працавалі на камбайне “Рассельмаш” RSM TORUM 785, Аляксей Клімчык з Аляксеем Невяроўскім, Віктар Сугрэй з Юрыем Махнаткіным, Яўген Піскун з Генадзем Марціновічам “асвойвалі” пасяўныя плошчы на камбайнах “Палессе” КЗС-1218А1.
Пра нюансы ўборкі рапсу распавёў намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Фешчанка:
– Тэхналагічным паказчыкам паспявання насення з’яўляецца ўтрыманне ў іх хларафіла менш за 25 мг/кг, а практычным – афарбоўка і вільготнасць. Але не заўсёды колер раслін і струкоў з’яўляецца надзейным паказчыкам адзнакі паспявання, бо пры ўжыванні вялікіх доз азотных угнаенняў струкі захоўваюць цёмна-зялёную афарбоўку ў перыяд, калі насенне ўжо стала карычневым.
Прыбраць азімы рапс без страт няпроста. Паводле слоў Івана Пятровіча, уборка рапсу з-за біялагічнай асаблівасці (дробнасемяннасць, нераўнамернае паспяванне, схільнасць струкоў, асабліва верхняга рада, да парэпання і асыпання насення) – даволі складаны і працаёмкі працэс, які патрабуе асаблівай падрыхтоўкі, спрыту.
– Тэхналогія ўборкі рапсу незвычайна важная. З надыходам тэхнічнай спеласці пасевы імкнемся прыбраць у гранічна сціснутыя тэрміны, каб не дапусціць страт. Шквальныя вятры і дажджы могуць “абтрапаць” расліны, што прывядзе да раструшчвання струкоў і страты ўраджаю насення. Нельга дапускаць перастою і перасушвання раслін на корані, чакаючы фазы поўнай спеласці.
Гэта добра разумеюць нашы механізатары, таму працуюць з улікам усіх нюансаў культуры, – дзеліцца суразмоўца.
Ёсць свае сакрэты і ў механізатараў. Імі дзеліцца памочнік камбайнера, задзейнічаны на ўборцы рапсу, Канстанцін Корбут:
– У пераспелых раслін струкі і галіны становяцца сухімі і ломкімі, а насенне абсыпаецца пры судотыку планак матавіла са струкамі. Таму, настройваючы тэхніку, сочым, каб вышыня зрэзу была максімальна высокай, не менш за 30 сантыметраў, але не вышэй пачатку разгалінаванняў сцяблін. З павелічэннем вышыні зрэзу павялічваецца прадукцыйнасць камбайнаў і атрымліваецца чысцейшы матэрыял у бункеры. І яшчэ: камбайны павінны быць загерметызаваны (асабліва ў злучэнні жняяркі і нахільнай камеры) і адпаведным чынам прыстасаваны да ўборкі рапсу. Пры выбары кірунку руху камбайна заўсёды ўлічваем палегласць пасеваў і рухаемся насустрач або пад вуглом да палегласці.
Патрабуюць адмысловай наладкі і малацільныя апараты збожжаўборачных камбайнаў, якія працуюць з максімальна высокімі зазорамі паміж барабанам і падбарабаннем. Падобны рэжым працы дазваляе атрымліваць у бункеры чысцейшае насенне, а ачыстка камбайна не перагружаецца здробненай і волкай масай.
У сухое гарачае надвор’е ўборку азімага рапсу лепш праводзіць у ранішні або вячэрні час, калі створкі струкоў ўвільготненыя расой і насенне менш абсыпаецца. Вось такія сакрэты аптымальнай захаванасці масланасення пры жніве ад Канстанціна Уладзіміравіча.
Жніво – час вялікіх надзей для аграрыяў. Няхай кожнай з іх наканавана будзе ажыццявіцца.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о