Прафесійныя святы – нагода даведацца пра асаблівасці працы, жыцця ці захаплення пэўных людзей. Вось і ў дзень жаночага прадпрымальніцтва, які адзначаўся 19 лістапада, мы завіталі ў краму “ЛеО”, якая працуе ў пасёлку Капаткевічы.

Нас сустрэла ўсмешкай адна з гаспадынь – Вольга Марчанкова. Яна паведаміла, што індывідуальным прадпрымальнікам з’яўляецца яе матуля – Алена Харамецкая, а яна – ”наёмны работнік”.
Пра гістрыю адкрыцця сваёй справы наша суразмоўца распавяла так: – Спачатку яны з матуляй пачалі працаваць ў краме ”Ярмак” у аддзеле бытавой хіміі. Пасля двух гадоў працы ў якасці прадаўцоў, з’явілася думка паспрабаваць адкрыць сваю гандлёвую кропку.
У гэты час мясцовы камбінат бытавога абслугоўвання займаў толькі адзін пакой у вялікім двухпавярховым будынку, у якім працавала адна прыёмшчыца. У лютым 2016 годзе жанчыны ўзялі ў арэнду невялікае памяшканне, усяго шаснаццаць квадратных метраў, складскога памяшкання не было, шмат тавараў не закупіш.
– Назвалі сваю краму ”ЛеО” – гэта значыць Лена і Оля. “У той год Леанарда ды Капрыа якраз атрымаў Оскар і імя Леа было на слыху, – смяецца Вольга. Я сказала матулі, калі Ды Капрыа праславіўся, то і нас чакае поспех!, – з усмешкай распавяла наша гераіня.
Праз нейкі час плошчы ў будынку, дзе яны арандавалі пакой, выставілі на продаж. Жанчыны набылі большае памяшканне са складам, у якім зараз і працуюць. Памяшканне было адрамантавана, зямлячкі зрабілі святло, павесілі жалюзі, абнавілі падлогу.
Гандлююць нашы прадпры-мальніцы бытавой хіміяй, сродкамі асабістай гігіены, касметыкай, парфюмерыяй. У краме стаіць прыемны водар, свайго роду мікс з розных пахаў.
Спрабавалі жанчыны гандляваць канцылярыяй і аддзеннем, але гэтыя тавары ”не пайшлі”, а вось жаночыя і дзіцячыя калготкі і шкарпэткі карыстаюцца попытам.
Вольга Марчанкова мае вышэйшую адукацыю, скончыла Мазырскі ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна па спецыяльнасці ”эканоміка і кіраўніцтва”. Адукацыя Алены Харамецкай не звязана ні з эканомікай, ні з гандлем, яе, як кажа сама жанчына, ”вучыла жыццё”.
– Магу сказаць, што веды, атрыманыя ва ўстанове адукацыі, спатрэбіліся,– дзеліцца дзяўчына. – Я вяду бухгалтэрыю, налічваю заробак. Пачынаць было цяжка, патрэбна было бегаць, шукаць тавары, нават прывозіць іх. Зараз значна лягчэй: тавар заказваеш і яго даставяць у час. Трэба толькі своечасова рабіць заяўкі, кантраляваць асартымент, і ў час дазаказваць тавар, каб прылавак не пуставаў.
Са станоўчых бакоў працы ”на сябе” Вольга адзначыла зручны графік, магчымасць паехаць у адпачынак у любы час, таму што яны з матуляй ”узаемазаменныя”.
Вольга і Алена працуюць на роўных, маюць амаль аднолькавыя абавязкі.
Адзначыла суразмоўца і зручнасць невялікіх крам у тым, што яны не забараняюць пакупніку адкрыць тавар, каб ацаніць пах таго ж шампуня ці кандыцыянера. У невялікай гандлёвай кропцы свае пастаянныя наведвальнікі, прадаўцы ўжо ведаюць іх густы, а пакупнікі знаёмыя з таварам.
– Бывае, што прыходзяць з паперкамі, на якіх напісана назва, або нават з бутэлечкамі, шкляначкамі з-пад шампуня ці крэма. Мы адшукваем тавар і заказваем.
З пакупнікамі ёсць зваротная сувязь: мы ведаем, што спадабалася, што не, які тавар пайшоў, а які доўга стаіць на паліцы, – распавядае Вольга.
Мая суразмоўца прызналася, што ей даспадобы жыць у невялікім пасёлку – ты ўсіх ведаеш і цябе ўсе ведаюць. Вітаюць, пытаюцца пра справы, практычна незадаволенных не бывае, не прыгадае яна і канфліктаў з пакупнікамі.
На прыкладзе нашых зямлячак хочацца адзначыць, што ў жаночага прадпрымальніцтва на Петрыкаўшчыне ёсць будучыня.
Надзея Сігай.
Фота аўтара.






Оставить комментарий