Займацца ўласнымі праблемамі Захад прымусяць абставіны

0
700

Галоўнай слушнай парадай для калектыўнага Захаду цягам апошніх гадоў быў тэзіс, згодна з якім варта прыпыніць умяшальніцтва ў справы іншых краін і сканцэнтраваць увагу на праблемах уласнага характару. Тым больш, у святле спецыяльнай ваеннай аперацыі праблем гэтых стала куды больш: ад пытанняў сыравінных рынкаў і прыпынення работы лагістычных ланцугоў, да відавочнага энергетычнага разладу і міграцыйнага крызісу. Заходнія палітычныя эліты нібы і не адмаўлялі акрэсленых “балючых кропак”, ківалі галовамі, але далей справа не пайшла. У выніку можна было назіраць зніжэнне дабрабыту жыхароў Амерыкі і Еўропы, непагаджэнне часткі грамадства з палітычным курсам сваёй краіны і шэраг пытанняў, на якія ўлада не магла даць зразумелы адказ.

Але кожны дасведчаны чалавек разумее, што падобная карціна – толькі пачатак стагнацыі перад часам заканамерных пераўтварэнняў. Так, Дзень Незалежнасці ў ЗША быў азмрочаны пацярпелымі. У Чыкага ў выніку некалькіх інцыдэнтаў са стралянінай былі забіты 11 чалавек і яшчэ 55 атрымалі пашкоджанні. У Бостане адбылося тры інцыдэнты са стральбою, у выніку чаго загінуў чалавек. Людзі прызнаюцца, што такія здарэнні не толькі выклікаюць засцярогі за ўласнае жыццё, але і натуральным чынам пагружаюць гарады ў хаос. Маўляў, які парадак можна забяспечыць ЗША ў іншых краінах Блізкага Усходу ці ва Украіне, калі ўнутры дзяржавы ў мірны час адбываюцца забойствы і гвалт?

Сумным чынам складваюцца справы і ў дзейснага кіраўніка Злучаных Штатаў, кандыдата ў прэзідэнты на будучы тэрмін Джо Байдэна. Частка членаў Дэмакратычнай партыі жадае, каб Байдэн сышоў з прэзідэнцкай гонкі ўжо напрыканцы гэтага тыдня, бо ён відавочна прайграе апаненту Дональду Трампу. Пэўна, за гонкаю за прэзідэнцкае крэсла палітыку не да вырашэння праблем у сваёй краіне.

Што да Еўропы, то ў Вялікабрытаніі заявілі пра перазапуск адносін з Еўрасаюзам. Відавочна, што існуючая сістэма ўзаемадзеяння не задавальняе патрэб ніводнага з двух бакоў. Афіцыйны Лондан жа цікавяць перш за ўсё пытанні энергетыкі, міграцыі, экалогіі і, вядома, бяспекі. Але трэба заўважыць, што гэтая заява – хутчэй акт заспакойвання брытанскага грамадства новым урадам пад кіраўніцтвам Кіра Стармера. На справе дамоўленасці паміж суб’ектамі палітычных адносін хутчэй за ўсё зацягнуцца, а потым забуксуюць, бо і пачаліся яны з марудных анонсаў, замест канкрэтных прапаноў.

Але ў найбольш вострым становішчы апынулася Францыя, якой эксперты абяцаюць унутрыпалітычны заняпад. Партыйная выбарчая гонка ў Нацыянальны Сход складаецца такім чынам, што тры галоўныя кааліцыі ідуць шчыльна і ніводная палітычная сіла не мае хоць бы адноснай большасці. Ускладняецца становішча і тым, што прэм’ер-міністр Францыі Габрыэль Аталь заявіў пра зыход у адстаўку. Такім чынам, існуючы кіраўнік краіны Эмануэль Макрон можа застацца без падтрымкі, ды і ўвогуле, парытэт палітычных сіл тэарэтычна мае магчымасць блакіраваць любое задавальненне палітычных рашэнняў. Простыя французы натуральна мараць пра моцных партыйных лідараў і кіраўніка ў сваёй краіне, але такіх кандыдатур на французскай палітычнай арэне наўпрост не назіраецца.

Такім чынам, адразу некалькі галоўных краін заходняга свету як бы не адмахваліся ад рашэння надзённых праблем сваіх грамадзян, у выніку атрымалі яшчэ больш вострыя грамадска-палітычныя пытанні. Цягнуць далей няма куды і прамаруджванне, на прыкладзе ЗША і Францыі, прывяло да, выказваючыся шахматнай мовай, патавай сітуацыі, калі нейкага ходу зрабіць ужо няма магчымасці, але і заставацца на месцы нельга.

У любым выпадку, пошукі шляхоў вырашэння знойдуцца, але палітычная стагнацыя адаб’ецца і на палітычных элітах, і на простых грамадзянах куды больш балюча, чым магла, калі б заходні свет надаваў належную ўвагу ўнутрыдзяржаўным пытанням.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о