4 снежня 2024 года ЮНЕСКА паведаміла аб уключэнні ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны выцінанкі – традыцыйнага мастацтва выразання з паперы ў Беларусі. А ці актуальны гэты від мастацтва на Петрыкаўшчыне?
Наша гераіня – педагог па адукацыі, а яшчэ яна сапраўдны майстар, які са звычайнай паперы можа зрабіць шэдэўр.
Днямі мы сустрэліся з Аленай Рыгораўнай Жукавец, каб больш падрабязна даведацца пра такі цікавы і прыгожы від мастацтва.
– Раскажыце пра сябе.
– Нарадзілася я ў 1970 годзе. Дарэчы, вучылася ў першай гарадской школе, дзе зараз і працую. Пасля школы паступіла ў Лоеўскае педагагічнае вучылішча. Так атрымалася, што за жыццё было зменена не адно месца працы, але лёс склаўся так, што ўжо 12-ы год я працую ў роднай школе. Тут і пачаўся мой творчы шлях.
– Як вы прыйшлі да такога віду мастацтва, як выцінанка?
– Ведаеце, калі я прыйшла на сваё першае месца працы, слова выцінанка ўжывалася вельмі рэдка, у асноўным усе карысталіся словазлучэннем вырабы з паперы. Ужо тут, у першай гарадской школе, калі я пачала працаваць настаўнікам пачатковых класаў, у школьнай праграме з’явілася слова выцінанка.
Перш чым патлумачыць дзецям пра дадзены від мастацтва, трэба было, безумоўна, разабрацца спачатку самой. Так і сядзела вечарамі каля лямпы, засвойвала новую для сябе дзейнасць. І, шчыра кажучы, гэтая справа мяне зацягнула.
– Як выцінанка даецца вучням, гэта ж такая карпатлівая работа, дзе трэба ўседлівасць і ўважлівасць?
– Вучням, як не дзіўна, падабаецца такая дзейнасць. Пачыналі мы з больш лёгкіх узораў, выразалі, напрыклад, сняжынкі. Дзеці старэйшага ўзросту імкнуцца зрабіць больш складаныя вырабы, якія патрабуюць большай увагі і ўседлівасці. Бывае, пытаю ў дзяцей напярэдадні святаў: “Давайце, можа, упрыгожым дошку і кабінет мінулагоднімі вырабамі?” А яны мне і адказваюць: “Алена Рыгораўна, а можа прыдумаем нешта цікавае і новае?” У гэты момант разумееш, што не толькі мне такая справа па душы.
– Ці складана было засвоіць новы від дзейнасці?
– Безумоўна, пачынаць было даволі складана. Але часу спатрэбілася не так ужо і многа для засваення. Пачынала працаваць маленькімі нажніцамі, але для дробных дэталей лепш навучыцца карыстацца канцылярскім нажом. Ведаеце, калі толькі пачынала працаваць, балелі рукі, плечы, а потым прывыкла і зараз адчуваю сябе камфортна нават калі доўгі час сяджу за пэўным вырабам. Безумоўна, прасцей працаваць з выцінканкамі вялікіх памераў, маленькія патрабуюць больш часу і сіл.
– Якая ў асноўным тэматыка прысутнічае ў вашых выцінанках?
– Пачынала я з навагодняй тэматыкі: сняжынкі, снегавікі, афармляла вокны, дошку. Потым неяк вырашыла паспрабаваць стварыць жаночыя партрэты. Зараз у маёй калекцыі можна знайсці і людзей, і жывёл, раслінны свет, пейзаж, у дадзены момант засвойваю беларускія ўзоры.
– Як адносіцца ваша сям’я да такога цікавага хобі?
– У нашай сям’і звычайна гавораць так: “Калі матуля села за выцінанку, значыць у яе быў складаны дзень”. І гэта сапраўды так, гэты занятак для душы і заспакаення. Калі пачынаеш ствараць пэўны выраб, паглыбляешся ў свае думкі, ёсць час паразважаць пра важнае, крыху аддаляешся ад рэальнасці.
Калі сын хадзіў у школу, ён таксама цікавіўся дадзеным відам мастацтва, дапамагаў мне ствараць вырабы на розныя святы. Нават зараз, калі ён вучыцца ў каледжы, просіць часта мяне зрабіць выцінанкі на розныя святы.
– Калекцыя выцінанак у вас вялікая. А ці ўсе вырабы вы пакідаеце ў сябе?
– Большасць маіх работ я аддаю знаёмым, блізкім, дзецям. Некаторыя пакідаю сабе. Прыемна, калі людзі годна ацэньваюць маю працу і з радасцю ўпрыгожваюць свае дамы выцінанкамі. Напэўна, гэта і дае мне сілы працягваць сваю творчасць.
Напрыканцы размовы і нашаму карэспандэнту ад Алены Рыгораўны былі ўручаны выцінанкі, якія сталі цудоўным упрыгожаннем напярэдадні навагодніх свят.
Анастасія КІСЕЛЕВА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий