Раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя працягваецца работа па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці залатарніка канадскага, залатарніка гіганцкага на тэрыторыі Петрыкаўшчыны.
Дадзеныя расліны з’яўляюцца не толькі небяспечнымі алергенамі, але і ўяўляюць пагрозу біялагічнай разнастайнасці ў частцы выцяснення з прыродных экасістэм мясцовых відаў раслін.
Залатарнік канадскі і гіганцкі ўключаны ў Пералік відаў раслін, распаўсюджванне і колькасць якіх падлягае рэгуляванню.
Згодна з артыкулам 26 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце” ад 14 чэрвеня 2003 года № 205-З карыстальнікі зямельных участкаў у галіне абыходжання з аб’ектамі расліннага свету абавязаны ажыццяўляць у выпадках і парадку, устаноўленых заканадаўствам, работы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці інвазіўных відаў.
Рэгуляванне распаўсюджвання і колькасці раслін павінна ажыццяўляцца спосабамі, якія забяспечваюць папярэджанне прычынення шкоды іншымі аб’ектамі расліннага свету і захаванасць асяроддзя іх вырастання.
У адпаведнасці з падпунктам 4.3 пункта 4 Палажэння аб парадку правядзення мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці відаў раслін, распаўсюджванне і колькасць якіх падлягаюць рэгуляванню, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 2016 года №1002, у залежнасці ад займаемай раслінамі плошчы, шчыльнасць іх вырастання, ступені пагрозы жыццю і здароўю грамадзян, навакольнаму асяроддзю, выкарыстоўваюць розныя спосабы рэгулявання распаўсюджвання і колькасці відаў раслін: ручны, механічны і хімічны спосабы.
У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам хімічны метад барацьбы з залатарнікам можа быць выкарыстаны, акрамя вясны – пачатку лета, і ў іншыя тэрміны, але толькі пасля яго скошвання (падкошвання). Такая тэхналогія дазваляе прадухіліць і мінімізаваць гібель пчол і іншых прадстаўнікоў энтамафаўны ў летне-восеньскі перыяд.
Цяпер тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды вя-дзецца актыўная работа па максімальным выяўленні ачагоў росту залатарніка і прыняццю мер па ліквідацыі расліны.
На тэрыторыі Петрыкаўскага раёна пастаўлена на ўлік 21 месца росту залатарніка канадскага. Найбольш інвазіраванымі з’яўляюцца тэрыторыі Ляскавіцкага, Лучыцкага, Бабуніцкага, Камаровіцкага і Муляраўскага сельсаветаў.
У бягучым годзе для хімічнай апрацоўкі месцаў росту залатарніка на плошчы 2,74 гектара было выдаткавана 1762,20 рублі, якія асвоены ў поўным аб’ёме ў першым паўгоддзі 2025 года.
Месцы росту залатарніка канадскага ўключаны ў раённыя планы мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці інвазіўных відаў раслін, вызначаны адказныя выканаўцы.
У сувязі са значнай пагрозай біялагічнай разнастайнасці раённая інспекцыя заклікае грама-дзян адмовіцца ад выкарыстання залатарніка ў якасці дэкаратыўнай расліны на дачных і прысядзібных участках, на могілках, і ў кветніках.
Ігар ЗЯНКЕВІЧ, начальнік раённай
інспекцыі прыродных рэсурсаў і
аховы навакольнага асяроддзя.
Фота Галіны КАЗАК.
Оставить комментарий