Не так даўно на адным з мерапрыемстваў мне давялося пазнаёміцца з сямейнай парай з пасёлка Капцэвічы Уладзімірам і Раісай Беластоцкімі. Муж з жонкаю ўразілі цёплымі адносінамі адзін да аднаго, жыццялюбствам, жыццёвай пазіцыяй, якую нязменна нясуць праз гады. Ужо тады вырашыла: з новымі знаёмымі я абавязкова сустрэнуся ў прыватнай абстаноўцы – яны годныя людзі, і важна, каб пра іх пачулі землякі. І напярэдадні Дня сям’і я накіравалася ў Капцэвічы да герояў свайго артыкулу.
Дом і прысядзібны ўчастак сям’і Беластоцкіх – прыклад таго, што значыць дасканала прадумана і зроблена з душою. Кожная дэталь у доме, пасаджанае дрэва або дэкор на двары мае сваю гісторыю.Мне падумалася: напэўна, тут такая атмасфера ўтульнасці, у тым ліку і ад таго, што гаспадары ў звыклых рэчах бачаць важнае, тое, што аб’ядноўвае членаў сям’і. На кухні нас чакаў спечаны духмяны пірог з малінай. Так за кубкам гарбаты з цікавымі суразмоўцамі праляцелі гадзіны.
– Родам я з Пермскага краю. Выхоўваўся ў сям’і франтавіка. Бацька меў Ордэн Славы, медалі “За адвагу”. Сам ён родам з беларускай Веткі, быў паранены на Курскай Дузе і накіраваны ў шпіталь Пермскага краю. Там сустрэў маю маці і пасля Вайны застаўся на далёкай зямлі, – пачаў свой аповед Уладзімір Барысавіч. – Пасля школы вызначыўся з будучай прафесіяй медыка. На Урале закончыў медыцынскі каледж. Быў актывістам ва ўсіх справах. На апошнім курсе, пасля працы ў будаўнічым атрадзе, у якім быў камандзірам, прыехаў “на пабыўку” да бацькоў. Там і пачуў навіну, што ў пасёлак прыехалі тры маладыя настаўніцы. На танцах пайшоў паглядзець на “новенькіх”. Адна з іх уразіла прыгажосцю і запала ў душу. Праз год яна стала маёй жонкаю.
– А я нарадзілася на Волзе, непадалёку ад Казані. Мае бацькі, як і бацькі Уладзіміра, спазналі весь цяжар жыцця – бацька ўдзельнічаў у Фінскай вайне і быў паранены ў бітве пад Сталінградам у час Вялікай Айчыннай, – успамінае Раіса Цімафееўна. – Паслявайны наша сям’я, як многія іншыя, паехалі ў Пермскі край на лесанарыхтоўкі. Краіне патрэбны быў лес. Бацькі былі выхаваны так: Радзіма сказала – не абмяркоўваецца. Ды і нас пяцярых дзяцей выхавалі з такім паняццем. Як цяпер памятаю: кругом густы лес, лесапілкі, жылі ў бараках. З цягам часу бацька пабудаваў свой дом. Пасля школы закончыла музычна-педагагічнае вучылішча. Была накіравана на адпрацоўку ў рабочы пасёлак, дзе і пазнаёмілася з Валодзем.
Так паўвека таму мае героі стварылі сям’ю. Пасля адпрацоўкі Уладзіміру Барысавічу, тады маладому, перспектыўнаму ўрачу, прапанавалі пасаду загадчыка медчасці аднаго з Дамоў інтэрнатаў на Урале. Малады спецыяліст паказаў сябе сапраўдным прафесіяналам, праявіў арганізатарскія здольнасці. Праз год ён узначаліў установу. Раіса Цімафееўна спазнала шчасце мацярынства. Абое шмат працавалі – трэба было станавіцца на ногі. Кожны год наведвалі Беларусь – у мужа там пражывалі родныя па бацьку. У адзін з такіх візітаў у Гомель, у 1979 годзе, ад цёткі паступіла прапанова пераезду ў Беларусь. Сёння яны прызнаюцца: вырашыліся на пераезд не толькі з-за гасціннасці беларусаў і прыгажосці краю – з-за клімату.
– Мне прапанавалі для праца-ўладкавання на выбар дамы-інтэрнаты ў Рэчыцы, Уваравічах, Капцэвічах, – успамінае герой. – Выбраў апошняе: чыгунка, траса побач, маляўнічае месца. Так я прыйшоў працаваць у Капцэвіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, кіраўніком якога быў амаль сорак гадоў.
У мужа з жонкай у асобнай шуфлядзе захоўваюцца ўзнагароды, падзякі, дыпломы розных узроўняў, якімі яны ганараваны за гады працы. Іх мноства. За гады жыцця і працы ў Капцэвічах землякі ўнеслі вялікі ўклад у развіццё раёна і Гомельшчыны. Але галоўнае – яны заслужылі павагу і ўдзячнасць людзей. Пры дапамозе лідарскіх якасцяў Уладзіміра Барысавіча яго напорыстасці, мэтанакіраванасці Капцэвіцкі псіханеўралагічны інтэрнат атрымаў новае жыццё. Пра наватарства, дзейнасць калектыву загаварылі па ўсёй рэспубліцы. Сёння яго калегі годна працягваюць справу, якой герой аддаў прафесійнае жыццё, сілы і душу.
Раіса Цімафееўна прысвяціла сябе настаўніцтву, доўгія гады занімала пасаду дырэктара Капцэвіцкай сярэдняй школы. Жанчына вяла калектыў да перамог і вышынь, якімі і сёння ганарыцца школа, і пакінула пераемнікам вопыт і традыцыі. На пытанне: як ужываліся два кіраўнікі ў адной хаце, адказалі: дапамагаў асаблівы сямейны закон – закон кахання, зносін і павагі.
Мае героі – шчаслівыя людзі.Сваё шчасце яны стварылі сваімі рукамі. І сёння, як і ў маладосці, клапоцяцца адзін пра аднаго, падтрымліваюць. Прайшоўшы разам праз розныя перыяды ў жыцці, не зламаліся, не аддаліліся. Пабудавалі дом, выхавалі дваіх дачок, дапамаглі ім атрымаць прэстыжную адукацыю і ўладкавацца ў жыцці. Іх Надзея і Вера разумныя, працалюбівыя, клапатлівыя дзеці, пяшчотныя маці, надзейныя жонкі. З Мінску і Гомеля амаль на ўсе святы едуць яны сем’ямі да бацькоў, каб на прыкладзе бабулі і дзядулі прадэманстраваць сваім дзецям сапраўдныя шчырыя адносіны, паказаць што такое сям’я.
– Што для мяне сям’я? – дзеліцца напрыканцы сустрэчы гаспадар. – Гэта жонка, якая заўжды была дарадчыкам, сябрам, гэта двое дзяцей, пяцёра ўнукаў, адным словам – гэта асяродак любові і шчырасці. Усё, што дае магчымасць адчуваць сябе шчаслівым.
– А каб была сям’я моцная і надзейная, – дадае гаспадыня, – патрэбна навучыцца жыць разам, умець прамаўчаць, а дзе – і дараваць. Памятаць, што сямейнае шчасце – вынік працы ўсіх яе членаў. І галоўнае – быць заўсёды побач і ў радасці, і ў цяжкую хвіліну.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий