Традыцыйна ў трэцюю нядзелю верасня ў нашай краіне сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі лесу. З гэтай нагоды мы пагутарылі з галоўным ляснічым Петрыкаўскага лясгасу Дзянісам Макарэцкім.

Дзяніс Эдуардавіч вядомы чытачам раёнкі, не толькі як кемлівы спецыяліст, але і як чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, таму і пытанні ў нас да яго былі разнастайныя, але пра ўсё па парадку.

Захаваць і памножыць прыродныя багацці агульнымі намаганнямі

– У час заканчэння Навасёл-каўскай сярэдняй школы перада мной паўстала пытанне выбару будучай прафесіі. Згадваючы той час, скажу, што асаблівых пераваг у выбары працоўнага шляху ў мяне не было і я разглядаў розныя варыянты, але, вядома, хацелася абраць запатрабаваную і карысную для грамадства прафесію.

Добра памятаю, як у мяне з’явілася думка, што ўсюды, кожны куточак нашай краіны, славіцца лесам. Гэта значыць, што спецыяліст лесаахоўнай службы будзе патрэбны заўсёды і ўсюды. З такім перакананнем у 2008 годзе я паступіў на лесагаспадарчы факультэт Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Пасля завяршэння вучобы я прыбыў на сваё першае месца працы інжынерам-лесапатолагам у Петрыкаўскі лясгас, а не так даўно быў пераведзены на пасаду галоўнага ляснічага, – распачаў аповед Дзяніс Макарэцкі.

Асноўныя мэты, што стаяць зараз перад галоўным ляснічым – падтрыманне належнага парадку ў існуючых лясах, а таксама вырошчванне новых лясоў высокай якасці. Спецыяліст адзначае, што выкананне адмысловых задач не магчыма без зладжанай працы і калектываў лясніцтваў, і лясгаса. Вынікі залежаць ад кампетэнтнасці і адданай працы кожнага спецыяліста.

– Першачарговую ўвагу мы надаем насаджэнням, што пацярпелі ад ураганных вятроў, а гэта каля 970-ці гектараў ляснога фонду. Асноўная частка плошчы – пашкоджанні адзінкавага характару, аднак 24,4 гектара адносяцца да загінуўшых насаджэнняў і патрабуюць правядзення суцэльнай санітарнай рубкі.

Але, калі казаць шчыра, лесаводы ніколі не кідаюць калег сам-насам з праблемамі. Петрыкаўшчына пацярпела ад урагану менш за некаторыя раёны Гомельшчыны – у шэрагу лясгасаў вобласці пашкоджанні аказаліся больш маштабнымі, таму нашы работнікі не засталіся ў баку і аказваюць суседзям істотную падтрымку ў ліквідацыі наступстваў непагадзі.

Зараз нашая агульная лакальная задача – у максімальна сціслыя тэрміны завяршыць распрацоўку суцэльных санітарных высечак і да канца года завяршыць правядзенне выбарачных рубак там, дзе зваліліся асобныя дрэвы. Акрамя гэтага, немалаважнай задачай з’яўляецца правядзенне розных відаў лесакультурных работ, якія дазваляюць пазбегнуць зарастання вызначаных плошчаў другараднымі і малакаштоўнымі пародамі дрэў, – падзяліўся планамі Дзяніс Макарэцкі.

Захаваць і памножыць прыродныя багацці агульнымі намаганнямі
Дзяніс Эдуардавіч і Юлія Уладзіміраўна Макарэцкія

Герой нашага інтэрв’ю – шчаслівы сем’янін. Жонка Дзяніса Эдуардавіча Юлія Уладзіміраўна таксама працуе ў Петрыкаўскім лясгасе начальнікам пастаяннага ляснога гадавальніка. У сям’і Макарэцкіх – трое дзетак – 10-гадовая Анастасія, 7-гадовы Дзмітрый і Вікторыя, якой споўнілася 5 гадкоў.

– На рабоце не павінна быць сваякоў, таму на працоўных месцах мы – калегі. Дома ж мы намагаемся не абмяркоўваць працоўныя пытанні, хоць, часам без гэтага не абыходзіцца. Але па-за працай мы муж і жонка і, вядома, бацькі, якія вольны час прысвячаюць дзецям. Намагаемся не марнаваць адпачынак, а ладзіць яго актыўным чынам – выбіраемся на прыроду, летам не раз ездзілі на рыбалку, раней наведвалі трэнажорную залу, але зараз часу на заняткі спортам стала менш: у нас – праца, у дзяцей школа, – дзеліцца мужчына.

На пытанне, якое месца ў сям’і лесаводаў займае экалагічнае выхаванне дзяцей, Дзяніс Макарэцкі адказвае: “Насамрэч сем’і працаўнікоў лесаахоўнай службы тут не павінны істотна адрознівацца ад іншых, бо выхаванне ў падрастаючым пакаленні любові і беражлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя – справа агульная. Больш за тое, нічога звышнатуральнага для гэтага не патрэбна. Мы, напрыклад, часцяком выязджаем у лес. Раней расказвалі малым пра розныя дрэвы і расліны, навучалі, якія грыбы ці ягады можна збіраць, а якія нават кранаць не варта. Вядома, звяртаем іх увагу на тое, што нельга шкодзіць расліннасці, пакідаць пасля сябе смецце.

Зараз дзеці і самі ўжо ўгадваюць дрэвы па лістоце, нечым цікавяцца, распытваюць і паказваюць пальцам на зламаную кімсьці галінку, маўляў, што так рабіць нельга. Трэба дадаць, што добра відаць і тую работу, якую праводзяць з рабятамі ў школе педагогі і нашыя калегі, якія даволі часта наведваюць установы адукацыі з тлумачальнымі гутаркамі на тэму паводзін у лесе.

Менавіта такім чынам, выключна разам у звязцы бацькі — педагогі — лесаводы, мы і можам абумовіць належнае экалагічнае выхаванне і разлічваць у будучыні на плён ад бясшкодных для навакольнага асяроддзя паводзін з боку маладых грамадзян, – рэзюмаваў Дзяніс Эдуардавіч напрыканцы нашай размовы.

Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о