У суботу, 25 мая, прайшоў “Апошні званок” для выпускнікоў устаноў адукацыі. Крок да самастойнага жыцця зробяць сёлета 490 юнакоў і дзяўчат Петрыкаўшчыны. Наперадзе ў маладых людзей іспыты, візіт з дакументамі ў навучальныя ўстановы, чаканне залічэння, студэнцкія гады. Але той дзень быў прасякнуты іншым хваляваннем – з заміраючым сэрцам вучні 9-х і 11-х класаў пачыналі сваё развітанне са школьнай парою.

З заміраннем сэрца  і планамі на будучыню

Як заўсёды, урачыстасць “Апошняга званка” стала ў гімназіі святам інтэлекту і поспеху. Матываваныя, разумныя і паспяховыя, гонар настаўнікаў і бацькоў – лепшыя вучні ўстановы атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад дырэктара гімназіі Людмілы Хільман.
Пачэсным госцем мерапрыемства з нагоды завяршэння навучальнага года ў гарадской гімназіі стала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько.

З заміраннем сэрца  і планамі на будучыню

 

У прывітальным слове да ўдзельнікаў урачыстасці Святлана Уладзіміраўна адзначыла важнасць ведаў і адукацыі ў сучасным грамадстве.

– Жадаю ўсім моцнага здароўя, здзяйснення самых запаветных мар, прыемнага і бяспечнага адпачынку ў час канікул. Памятайце, што ад сумленнай і адказнай працы кожнага з нас залежыць будучыня краіны, толькі разам мы забяспечым згоду ў грамадстве і зробім нашу краіну моцнай і квітнеючай, – пазначыла дэпутат у сваёй прамове.

Прыгожа, яскрава і кранальна прайшло мерапрыемства ў другой гарадской школе. Вальс, традыцыйнае высаджванне дрэва на “Алеі выпускнікоў”, словы ўдзячнасці і пажаданні – усё падкрэслівала важнасць моманту.

Па добрай традыцыі на ўрачыстасці былі адзначаны выпускнікі, што на працягу года баранілі гонар сваёй навучальнай установы і займалі прызавыя месцы на конкурсах, алімпіядах і спаборніцтвах рознага ўзроўню.

Душэўная атмасфера панавала на лінейцы ў першай гарадской школе. Вядома, знайшлося на мерапрыемстве месца вершам, якія чыталі першаклашкі, творчым падарункам і паветраным шарам, якія маладыя людзі адпусцілі ў неба разам з сваімі марамі. Перад цырымоніяй узнагароджання дырэктар навучальнай установы Святлана Піскун звярнулася да маладых людзей: “Гэта майскі дзень асаблівы для выпускнікоў і адкрывае дзверы ў дарослае жыццё, поўнае новых ведаў, адкрыццяў і сур’ёзных здзяйсненняў. Упэўнена, вы гатовыя да новага этапу свайго лёсу.

З заміраннем сэрца  і планамі на будучыню

Асаблівай удзячнасці заслугоўваюць педагогі і бацькі выпускнікоў, якія заўсёды падтрымлівалі, дапамагалі пераадольваць цяжкасці і раскрываць таленты, навучалі смела ісці наперад да новых вяршынь. Няхай цеплыня душы, якую вы дарылі штодзённа нашых дзецям, вернецца павагай і радасцю за новыя дасягненні.

Не забывайце школу і настаў-нікаў, з гонарам нясіце званне выпускніка. Мы заўсёды будзем радыя бачыць вас у нашай школе. Няхай наперадзе вас чакае поспех і ўсё абавязкова атрымлівацца. У добры шлях!”.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о