На мінулым тыдні на палетку СУП “Палессе-Аграінвест” у чарговы раз ушаноўвалі перадавых хлебаробаў сельгаспрадпрыемства.
У той сонечны жнівеньскі дзень мерапрыемства было па-асабліваму прыемным: на Петрыкаўшчыне абазначыўся першы экіпаж двухтысячнікаў! Старшы камбайнер Віктар Сугрэй сумесна з камбайнерам Юрыем Махнаткіным намалацілі дзве тысячы тон збожжа!
Мерапрыемства наведаў старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў. Кіраўнік раёна ўручыў экіпажу камбайнераў, якія першыя ў раёне намалацілі дзве тысячы тон збожжа, Падзякі і каштоўныя падарункі ад Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта. Таксама старшаму камбайнеру быў уручаны каравай уражая 2025 года.
Яшчэ адной цудоўнай нагодай наведаць палетак сельгаспрадпрыемства стала ўшанаванне чарговых тысячнікаў жніва. Падзякі і грашовыя прэміі ад Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта былі ўручаны экіпажу ў складзе старшага камбайнера Руслана Забродзіна, камбайнера Артура Адася і вадзіцелю Кірылу Лімараву.
– Гэтыя дасягненні – не проста лічбы. А вынік карпатлівай працы, поўнай самааддачы і адданасці сваёй зямлі, – віншуючы аграрыяў, адзначыў старшыня райвыканкама. – У кожным каласку, у кожнай тоне збожжа і перавезенага грузу – часцінка вашай душы, ваш вопыт і майстэрства. Вы – залаты фонд аграпрамысловага комплексу раёна, прыклад для пераймання, гонар усёй Петрыкаўшчыны і краіны.
Герояў ўборачнай павіншавала і ўручыла Падзякі і грашовыя прэміі дырэктар СУП “Палессе-Аграінвест” Алена Асадчая.
– Не буду ўтойваць, – адзначыла Алена Мікалаеўна, – ганаруся, што ў гаспадарцы працуюць такія прафесіяналы, адданныя справе людзі.
Не засталіся ўбаку прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і партый. Намеснік старшыні раённага аддзялення Гомельскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” Алена Пастухова, намеснік старшыні раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Вольга Усціновіч-Насека, галоўны спецыяліст раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Марына Лук’янава павіншавалі хлебаробаў і ўручылі памятныя падарункі. Песні ад артыстаў раённага Дома культуры, апладысменты ад ганаровых гасцей і калег сталі выдатнай узнагародай для герояў жніва.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий