“З цялятамі я круглыя суткі”

0
383

“З цялятамі я круглыя суткі”

Наша сённяшняя гераіня – брыгадзір малочнатаварнай фермы ў Чалюшчавічах, цялятніца Святлана Каваленка.

Працаўніца не адыходзіць ад сваіх чатырохногіх гадаванцаў ні на хвіліну. Па словах жанчыны, выгадаваць цялятка таксама складана, як і дзіця. Трэба сачыць за ім, кантраляваць, карміць строга па хвілінах, правяраць, ці ўсё ў парадку са здароўем.

“Цяляты для мяне, як дзеці. Я нават характар іх распазнаю з першых дзён з’яўлення на свет. Так выходзіць, што слабыя жывёлы атрымліваюць больш увагі і клопату, ад таго і прывязваешся да іх больш”, – сказала спецыяліст.

Распавяла суразмоўца, што самы складаны перыяд у рабоце па вырошчванні цялушак – ад нараджэння да 4-6 месяцаў (малочны перыяд).

“Пачынаю карміць малодзівам, бо ў ім змяшчаюцца ўсе пажыўныя рэчывы, неабходныя арганізму. У наступныя дні порцыі малака паступова павялічваю, не дапускаючы перакорму. Малаком цялят выпойваю не менш за 10 дзён. Для слабых малых кармленне матчыным малаком больш працяглае. Як толькі цяляты падрастаюць, пачынаю карміць іх ужо канцэнтраваным камбікормам”.

Па словах суразмоўцы, у клетках зараз жыве 46 галоў маладняку. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе ў малочны перыяд складаюць 850-900 грамаў.

“Я працую не па раскладзе, а столькі, колькі трэба, каб кожны з маіх падапечных быў 3 разы на дзень накормлены, напоены, а ў яго доміку была чыстая подсцілка”, – адзначыла Святлана Васільеўна.

Дарэчы, гераіня наша родам з Акцябрскага раёна. Пасля заканчэння школы выйшла замуж, нарадзіла дзіця. А ў Чалюшчавічы прывяло само жыццё. Тут цялятніца змяніла некалькі месцаў працы, спрабавала сябе ў розных сферах, але пакліканне сваё знайшла менавіта ў сельскай гаспадарцы.

“На малочнатаварнай ферме ў нас зладжаны калектыў, начальства, няхай і строгае, але заўсёды ўвойдзе ў становішча, падкажа і дапаможа ў працы. Улічваючы, наколькі зараз арганізаваны працоўны працэс, мы можам назіраць і за вынікам нашых агульных намаганняў. У першую чаргу гэта адбіваецца на заработнай плаце. Тыя, хто працуюць, адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, не застаюцца ў баку, яго абавязкова заахвоцяць усімі магчымымі спосабамі”, – рэзюмавала напрыканцы размовы Святлана Каваленка.

Наталля ПЕТРУШЭНКА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о