У сярэдзіне верасня Петрыкаўскі лясгас і яшчэ шэраг лесагаспадарчых устаноў краіны, згодна з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, атрымалі ў карыстанне новую тэхніку.
Як паведаміў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Петрыкаўскага лясгасу Яўгеній Міцкевіч, усяго працаўнікам лесаахоўнай службы былі ўручаны 50 камплектаў ключоў ад сарцементавозаў вытворчасці Мінскага аўтамабільнага заводу, аснашчоныя прычэпам з маніпулятарам. Атрымалі тэхніку ад Прэзідэнта тыя лесагаспадарчыя ўстановы, лясны фонд якіх найбольш пацярпеў ад ураганнага ветру, што адбыўся ў ліпені. Вядома, тэхніка дапаможа ў карацейшыя тэрміны ліквідаваць наступствы разгулу стыхіі ў лясах Беларусі.
Вадзіцель Ігар Бабеша, які перасеў за руль новага МАЗа пасля пробнага праезду на машыне міністра лясной гаспадаркі Аляксандра Куліка, распавёў: “Літаральна на наступны дзень пасля ўрачыстасці мы ўжо накіраваліся на дапамогу па ліквідацыі бураломаў да калег у Васілевічы, дзе і працуем зараз. Машыну я магу ацаніць станоўча, у першую чаргу звярнуў увагу на павышаную, у параўнанні з былымі ўзорамі тэхнікі, камфортнасць. Больш мяккая тут і падвеска, а спальнае месца, абсталяванае ў машыне, дазваляе здзяйсняць доўгія пераезды і належна арганізаваць побыт нават у далёкіх паездках, што вельмі зручна”.

Па словах Ігара Іванавіча, спажывае машына 36,4 літры на 100 кіламетраў парожнага ходу, загружаны кузаў і прычэп, вядома, павышаюць расход да 40-42 літраў, у залежнасці ад кандыцыі драўніны, якая перавозіцца. “На дзень я зараз перавожу каля 160-ці кубаметраў драўніны працягам чатырох рэйсаў, агульная грузапад’ёмнасць новага МАЗа складае да 60-ці тон. Працы хапае і хоць землякоў поруч працуе нямала, але нават і пагутарыць часу няма, бо работа арганізавана ў тэрміновым тэмпе, кшталтам: загрузіўся – паехаў”, – падзяліўся кіроўца.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий