На Петрыкаўшчыне жыве нямала таленавітых, творчых і захопленых людзей. Сёння мы хочам пазнаёміць вас, паважаныя нашы чытачы, з таленавітай жанчынай, майстрыхай на ўсе рукі і проста шчырым чалавекам – Аленай Перарэжка.

З любоўю да традыцый: як рукадзелле стала сямейнай каштоўнасцю

Энергія і любоў Алены Аляксандраўны да рукадзелля, натхняюць усіх, хто яе ведае. Жанчына – сапраўдная майстрыха: яна вышывае крыжыкам, пляце кошыкі з ратанга і стварае карціны ў тэхніцы алмазнай мазаікі. Яе тварэнні – гэта не проста прадметы побыту або ўпрыгожванні, гэта часцінка яе душы, увасобленая ў творчасці.
Алена Аляксандраўна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Макарычы. Дзяцінства гераіні прайшло ў простай вясковай сям’і, дзе рукадзелле было не проста захапленнем, а неабходнасцю. Яе маці, Ніна Пятроўна Перарэжка, амаль 40 гадоў адпрацавала ў саўгасе. З маленства любіла ткаць, вышываць, вязаць, была вядомай у раёне майстрыхай. Менавіта яна і навучыла маленькую Аленку вышываць крыжыкам.

З любоўю да традыцый: як рукадзелле стала сямейнай каштоўнасцю
– Памятаю, як матуля садзілася ўвечары, брала ў рукі пяльцы і пачынала вышываць, – успамінае Алена Аляксандраўна. – Я садзілася побач і назірала за яе рухамі. Потым яна давала мне кавалачак тканіны, ніткі і паказвала, як рабіць першыя сцяжкі. Спачатку атрымлівалася крыва, але я не здавалася.

З любоўю да традыцый: як рукадзелле стала сямейнай каштоўнасцю
З таго часу вышыўка стала неад’емнай часткай яе жыцця. З часам Алена Аляксандраўна асвоіла і іншыя віды рукадзелля, бо яна, не сядзіць, склаўшы рукі, не замыкаецца ў чатырох сценах.

З любоўю да традыцый: як рукадзелле стала сямейнай каштоўнасцю
Пры ўваходзе ў яе ўтульны дом у вочы адразу кідаюцца вынікі яе захапленняў – гэта яркія, плеценыя з ратанга кошыкі, кветкавыя гаршочкі і дэкаратыўныя дошкі ў тэхніцы декупаж сурвэткамі. На сценах – вышытыя крыжыкам карціны: краявіды роднага краю, кветкі, іконы. Адмысловае зачараванне інтэр’еру надаюць вязаныя і вышытыя крыжыкам вырабы – гэта яркія сурвэткі, кілімкі, накідкі, посцілкі, якія захоўваюць сваю сямейную гісторыю і прыемныя ўспаміны аб родных і блізкіх людзях. Наша гераіня вельмі таварыскі чалавек, шмат вырабаў, зробленых уласнымі рукамі, падорана суседзям і аднавяскоўцам.

З любоўю да традыцый: як рукадзелле стала сямейнай каштоўнасцю
Нездарма існуе фраза: “Таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім”, мая зямлячка не толькі майстрыха на ўсе рукі, але і спявачка, чый голас шмат гадоў гучаў не толькі са сцэны вясковага клуба, а і на іншых творчых пляцоўках раёна. Сёння Алена Аляксандраўна ўжо не выступае на сцэне, але сустракаючыся з сяброўкамі, заўсёды спяваюць цёплымі летнімі вечарамі.

З любоўю да традыцый: як рукадзелле стала сямейнай каштоўнасцю
Яшчэ адна цудоўная рыса маёй гераіні – гэта яе дабрыня. Яна заўсёды гатовая дапамагчы суседзям: то сукенку ладзіць, то кошык спляце, то проста выслухае і дасць мудрую параду. Яе дом заўсёды адкрыты для гасцей, а на стале абавязкова знойдзецца месца для гарбаты з хатнім варэннем і салодкім духмяным мёдам.

З любоўю да традыцый: як рукадзелле стала сямейнай каштоўнасцю
Алена Аляксандраўна – гэта прыклад таго, як любоў да сваёй справы можа напоўніць жыццё сэнсам і прыгажосцю. Яна – не проста жыхарка вёскі Макарычы, Алена Аляксандраўна – захавальніца традыцый, якая натхняе сваім прыкладам усіх, хто яе ведае.
– У жыцці важна ўмець радавацца дробязям: першай вясновай кветцы, цёпламу сонейку, кубку духмянай гарбаты. Хацелася б, каб нашы дзеці, унукі вучыліся ў сваіх бабуль, а тыя, у сваю чаргу, перадавалі свае веды наступным пакаленням. Толькі так мы зможам захаваць нашу культурную спадчыну, нашую гісторыю.
Дзякуй вам, Алена Аляксандраўна, за вашу гасціннасць і майстэрства. Шчасця Вам і моцнага здароўя.

З любоўю да традыцый: як рукадзелле стала сямейнай каштоўнасцю
Марыя Тамко,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о