У шэрагу інтэрв’ю з жыхарамі раёна, бываюць сустрэчы, якія надоўга пакідаюць пасля сябе яркія і глыбокія ўражанні, прымушаюць захапляцца талентам землякоў, здзіўляюць непрадказальнасцю іх жыццёвых дарог, лёсаў. Менавіта з такімі людзьмі мне пашчасціла пазнаёміцца.

З адкрытым сэрцам і добрай песняй

Выступленні сямейнага дуэта Мікалая Курсы і Сафіны Паўлавай – сапраўдны падарунак для жыхароў Петрыкаўшчыны. Іх выхад на сцэну заўсёды суправаджаецца апладысментамі і радаснымі эмоцыямі гледачоў. Заслужылі яны такую любоў за асаблівае, шчырае выкананне песень, душэўныя зносіны з людзьмі. Іх творчыя нумары не раз гучалі на абласных і рэспубліканскіх пляцоўках, дзе публіка з радасцю прымала самародкаў з Палесся. Назіраючы за іх зладжаным дуэтам, гарманічнасцю адносін дома, цяжка паверыць, што мужчына і жанчына разам на сцэне і ў сямейным жыцці толькі тры гады.

Рэдкае імя нашай гераіні дасталася ў памяць пра бабулю. – Нарадзілася Сафіна Фёдараўна ў Курыцічах, дзяцінства і юнацтва прайшло ў Кашэвічах, куды пераехала сям’я. Бацькі ўсё жыццё шмат працавалі на зямлі і з дзяцінства прывучылі да гэтага сваіх дзяцей. Пасля заканчэння школы, пытання  пра далейшую вучобу гераіні не стаяла – трэба было ісці працаваць у калгас, каб дапамагаць пракарміць вялікую сям’ю. Праз год  дзяўчынка паехала ў Бабруйск працаваць на завод. Прызнаецца: не камфортна адчувала сябе ў горадзе. Неяк вясною ўбачыла, як трактар арэ зямлю, села і заплакала. Стала зразумела: у сельскай мясцовасці ёй звыкла і лепш. Было прынята рашэнне атрымаць спецыяльнасць агранома і вярнуцца ў родныя мясціны.

– Прыехала ў калгас “Курыцічы”, які ў тыя часы быў адзін з перадавых у раёне. Прапанавалі мне працу ў бухгалтэрыі. Старшынёй тады быў Каляда Васіль Канстанцінавіч, кіраўнік, які надаваў увагу не толькі вытворчасці мяса і малака, але і спрыяў культурнаму жыццю калектыва. У тыя далёкія 80-я гады на ўсе знакавыя падзеі работнікі канторы, спецыялісты ладзілі канцэртныя праграмы, – успамінае гераіня. – Я была адна з  арганізатараў і, па сумяшчальніцтве, спявачкай. Да песні мяне прывучыла маці, якая часта спявала. Менавіта ў раннім дзяцінстве, слухаючы простыя народныя мелодыі, мне захацелася іх падпяваць. Выходзячы да публікі на сваім першым працоўным месцы, я разумела, што менавіта ў гэтыя моманты я жыву сваім жыццём.

Пагалоска пра творчага бухгалтара распаўсюдзілася хутка, і праз час ёй прапанавалі пасаду загадчыка мясцовага дома культуры на час дэкрэтнага адпачынку. Сафіна Фёдараўна пагадзілася і без шкадавання пакінула сумныя ёй лічбы і падлікі. Адпрацаваўшы неабходны тэрмін у сферы культуры, вяртацца ў кантору не хацелася. І тут вызвалілася месца мастацкага кіраўніка ў клубе ў родных Кашэвічах. Вярнулася ў бацькоўскую хату і трыццаць два гады аддала служэнню землякам, радуючы іх сваім голасам. Жанчына не раз з’яўлялася лаўрэатам абласных, рэспубліканскіх аглядаў-конкурсаў, праслаўляючы нашу малую радзіму і яе таленавітых людзей.

Любоў і цікавасць да песні Мікалаю Васільевічу, як і жонцы, дасталіся ад маці, якая славілася сваім выкананнем у родных Навасёлках. Сын з малых гадоў падпяваў ёй.

– Ігру на гармоніку я асвоіў падлеткам практычна самастойна. Вельмі хацеў выконваць песні пад уласнае акампаніраванне, – успамінае мужчына – Садзіўся перад люстэркам, каб бачыць, якія кнопкі націскаю і якія гукі выдаюцца. Так метадам спроб і памылак асіліў музычны інструмент.

Пасля заканчэння школы адвучыўся на кінамеханіка. Маладога таленавітага земляка заўважыў кіраўнік хору мясцовага Дома культуры Гарбаба Мікалай Іванавіч і запрасіў юнака на сцэну. З таго часу музыка трывала ўвайшла ў жыццё земляка. Голас Мікалая Васільевіча знаёмы многім жыхарам раёна і за яго межамі. Варта адзначыць, што яшчэ ў васьмідзясятых творчасць жыхара Навасёлак была адзначана высокімі ўзнагародамі на ўсесаюзным узроўні.

Да сустрэчы адзін з адным, якая адбылася тры гады таму, Сафіна Фёдараўна і Мікалай Васільевіч ішлі сваімі жыццёвымі дарогамі, якія роўнымі не назавеш. Побач з добрымі падзеямі, давялося адчуць раставанні, страты, адзіноту. Але ў любой сітуацыі іх падтрымлівала песня. Яна іх і пазнаёміла.

– Калі ў Кашэвічы прыехалі артысты з Навасёлак, я ўжо знаходзілася на заслужаным адпачынку. Але на канцэрт пайшла, – дзеліцца жанчына. – Выступленне Мікалая мне, вядома, спадабалася. Пасля заканчэння праграмы падышла да яго, каб выказаць сваё меркаванне і даць параду. Я сказала: “Вам у рэпертуары трэба пакінуць толькі песні пад гармонік”. Тады ў мяне і ў думках не было, што я яшчэ сустрэнуся з гэтым чалавекам, тым больш – буду будаваць сумеснае жыццё.

– Не буду хаваць, што мяне непрыемна закранула тое, што Сафіна не “ацаніла” падчас канцэрта маё выкананне эстрадных песень, – уступае ў размову мужчына. – Але здарылася нешта такое, што прымусіла мяне здзівіцца і спалохацца. Калі яна дакранулася  да мяне рукой, я адчуў, як па целе маланкава пайшло цяпло.              Калі сустрэча прайшла бясследна для жанчыны, то гэтага нельга сказаць пра нашага героя. Праз тыдзень ён прыехаў да яе ў госці. Суразмоўца прызнаецца: уразіла тады тое, што нароўні з цукеркамі госць прывёз хлеб. Хлеб – гэта так па-беларуску, шчыра. Мужчына заўважыў разгубленасць жанчыны і адразу з’ехаў, пакінуўшы нумар тэлефона.

Праз пэўны прамежак часу яна ўсё ж такі патэлефанавала. Прызнаецца, што сама не можа растлумачыць гэты парыў. Можа ўсвядоміла, што патрэбна такой жа творчай, але адзінокай душы як яна. Пачаліся сустрэчы. Праз пэўны час было прынята рашэнне паспрабаваць жыць разам, стаць апорай адзін для аднаго ўжо ў немаладыя гады. Кожнаму трэба было растлумачыць гэта ўжо дарослым дзецям, сваякам. Прызнаюцца: нехта прыняў такое рашэнне адразу, камусьці спатрэбіўся час.

Спяваць разам яны пачалі з першага дня сумеснага жыцця. Зараз выступаюць у мясцовым Доме культуры, прымаюць запрашэнні выехаць з канцэртам,  паўдзельнічаць у падзеях з нагоды. Яны адкрыты для зносін і для сустрэч.

Сёння сямейная пара жыве ў аграгарадку Камаровічы, дзе ім прапанавалі сучаснае добраўпарадкаванае жыллё. Іх дом прыгожы і ўтульны, гэта іх крэпасць, дзе пануе атмасфера паразумення, павагі і падтрымкі. Кожны дзень разам з імі песня. І ёю яны шчодра дзеляцца з людзьмі. Для радасці, паразумення і кахання.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о