На гэтым тыдні экіпаж камбайна «КЗС-1218» з СУП «Палессе-Аграінвест» у складзе Віктара Валер’евіча Сугрэя і Юрыя Міхайлавіча Махнаткіна перасягнуў запаветны рубеж у тысячу тон.
Спрадвеку на Беларусі склалася добрая традыцыя – шчыра дзякаваць працаўнікам сельскай гаспадаркі за іх нялёгкую працу.
Экіпаж механізатараў-тысячнікаў днямі ўшаноўвалі на палетку сельгаспрадпрыемства «Палессе-Аграінвест».
Быць першымі – не толькі пачэсна і ганарова, але і адказна. Галоўны сакрэт поспеху сёлетніх камбайнераў-тысячнікаў, па словах кіраўніка гаспадаркі Алены Асадчай, крыецца ў іх працавітасці, стараннасці, прафесіяналізме, імкненні да дасягнення пастаўленай мэты.
Выказаць словы ўдзячнасці хлебаробам на палетак прыехаў кіраўнік раёна, іншыя пачэсныя госці.
Віншуючы перадавікаў жніва, старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў, адзначыў:
– Выказваем вам шчырую падзяку і ўдзячнасць за высокі прафесіяналізм і адданасць сваёй справе, значны ўклад у правядзенне своечасовай і якаснай уборкі ўраджаю збожжавых культур 2025 года!
Жадаем вам моцнага здароўя, дабрабыту, невычэрпнай энергіі, новых працоўных поспехаў і дасягненняў на карысць Петрыкаўскага раёна!
Ад раённага выканаўчага камітэта Віктару Валер’евічу і Юрыю Міхайлавічу былі ўручаны кветкі, ганаровыя граматы і грашовыя прэміі.
Са словамі падзякі за руплівую і выніковую працу да герояў жніва звярнулася дырэктар сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Палессе-Аграінвест” Алена Асадчая, якая ўручыла камбайнерам-перадавікам Па-дзячныя лісты ад сельгаспрадпрыемства і матэрыяльнае ўзнагароджанне.
За бездакорную работу і высокі прафесіяналізм, унесены ўклад ва ўборачную кампанію “Жніво-2025”, каштоўныя падарункі з лагатыпам прадпрыемства экіпажу механізатараў-тысячнікаў уручыў ўпраўляючы ААТ “Мазырскі НПЗ” Віктар Верамееў.
Памятныя падарункі – лідары раённых аддзяленняў палітычнай партыі “Белая Русь”і грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Наталля Ходзька і Галіна Казак.
Ганаровыя госці дзякавалі механізатарам за добрасумленную працу, прафесійнае майстэрства і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў на ўборцы ўраджаю 2025.
– Дзякуючы вашай адказнай працы, мы можам забяспечваць стабільнасць і развіццё сельскай гаспадаркі Петрыкаўшчыны, а разам з ёю – і харчовую бяспеку краіны. Мы ганарымся такімі работнікамі, майстрамі сваёй справы, як вы, і шчыра дзякуем за самаадданую працу на карысць агульнага дабрабыту. Жадаем вам моцнага здароўя, высокіх намалотаў і адпаведных заробкаў, – звярнулася да герояў жніва лідар раённага аддзялення Гомельскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” Наталля Ходзька.
Асаблівую атмасферу і святочны настрой падчас урачыстасці на палетку вядучага сельгаспрадпрыемства раёна стварала група народнага хору Петрыкаўскага РДК.
Мерапрыемства па добрай традыцыі завяршылася памятным фота, пасля чаго механізатары накіраваліся да камбайнаў, каб працягнуць сваю працу, бо, як вядома, у час жніва кожная хвіліна ў аграрыяў на вагу золата.
Пажадаем хлебаробам раёна спрыяльных умоў надвор’я, бездакорнай працы тэхнікі і годных намалотаў.
Галіна КАЗАК.
Фота Марыі ТАМКО.
Оставить комментарий