11-12 лістапада Прэзідэнт Беларусі з рабочым візітам наведаў Азербайджан, дзе прыняў удзел у Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату. Мерапрыемства праводзіцца пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У глабальным форуме прынялі ўдзел дзясяткі тысяч дэлегатаў, у тым ліку многія кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў.

Ёсць добры рух і будзе добры вынік

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні акрэсліў нацыянальную пазіцыю Беларусі па пытаннях парадку дня, звязаных са змяненнем клімату і мерамі, якія міжнародная супольнасць павінна прыняць для вырашэння выклікаў, што ўзнікаюць у гэтай сферы.

Таксама на палях саміту Прэзідэнт правёў шэраг сустрэч і перагавораў з замежнымі калегамі з Азіі, Еўропы, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі.

Першая з іх – з Прэзідэнтам  Азербайджана Ільхамам Аліевым. Падчас перагавораў прэзідэнты адзначылі інтэнсіўнасць сустрэч апошнім часам. У першую чаргу гэта дзяржаўны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан у маі бягучага года. Тады кіраўнікі дзяржаў правялі прадукцыйныя перагаворы з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Былі выпрацаваны 12 кірункаў, якія як адразу, так і ў перспектыве павінны прасунуць узаемаадносіны дзвюх краін на больш высокі ўзровень.

“Шмат пра што дамовіліся. Я думаю, у нас ёсць усё неабходнае для таго, каб рухацца гэтым шляхам. Якраз напярэдадні мы разгледзелі ўсе пытанні, якія з вамі ўздымалі. Яны для нас вельмі актуальныя. Думаю, калі нашы міністэрствы і пасол будуць варушыцца, то мы вельмі многа можам зрабіць на карысць і Беларусі, і Азербайджана”, – сказаў на сустрэчы ў Баку Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнты Беларусі і Азербай-джана гэтай восенню таксама мелі магчымасць абмеркаваць важныя пытанні ў Маскве і Казані, дзе яны бралі ўдзел у самітах СНД і БРІКС.

Пасол Беларусі ў Азербай-джане Андрэй Раўкоў расказаў журналістам, што пасля майскага дзяржаўнага візіту ішла актыўная прапрацоўка па ўсіх дасягнутых дамоўленасцях. “Дзесьці зрухі вельмі сур’ёзныя, дзесьці ў стадыі прапрацоўкі. Тым не менш па ўсіх 12 кірунках ёсць добры рух і будзе добры вынік”, – упэўнены ён.

Цяпер кіраўнікі дзяржаў маюць магчымасць зверыць гадзіннікі па пытаннях развіцця супрацоўніцтва.

Андрэй Раўкоў таксама адзначыў, што раней была пастаўлена мэта давесці аб’ём двухбаковага гандлю на працягу найбліжэйшых двух гадоў да 1 мільярда долараў. Чакаецца, што ў гандлі таварамі і паслугамі бакі ўжо па выніках бягучага года ўпэўнена пераадолеюць планку ў 500 мільёнаў, што значна вышэй за аб’ёмы мінулага года.

Галіна КАЗАК. Фота БелТА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о