У 2025 годзе на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна зарэгістравана зніжэнне злачынстваў, учыненых у адносінах да асоб пажылога ўзросту. Але пажылыя грамадзяне па-ранейшаму застаюцца ў зоне рызыкі і могуць стаць ахвярай злачынных замахаў.

У адпаведнасці з распараджэннем МУС Рэспублікі Беларусь №40 ад 16 мая і распараджэннем УУС Гомельскага аблвыканкама №20 ад 21 мая, на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна з 26 мая па 4 чэрвеня будзе праводзіцца прафілактычная акцыя “На варце лічбавай бяспекі”.
У выпадку ўчынення ў адносінах да вас злачынстваў або правапарушэнняў, а таксама пры выяўленні падазроных асоб, якія настойліва просяць вас адчыніць дзверы, у абавязковым парадку неабходна звярнуцца за дапамогай па нумарах тэлефонаў: 102, 5-32-49 (аператыўна-дзяжурная служба Петрыкаўскага РАУС).

Асноўнымі відамі злачынстваў, якія ўчыняюцца ў адносінах да пажылых, з’яўляюцца крадзяжы, махлярствы, што складае больш як 60 % ад усёй колькасці злачынстваў, што ўчыняюцца ў адносінах да асоб названай катэгорыі.
Прадметам злачыннага замаху ў асноўным становяцца такія матэрыяльныя каштоўнасці як грошы, веласіпеды, прадукты харчавання і іншая маёмасць.
Прычым па спосабе здзяйснення гэта, як правіла, пакіданне без нагляду свайго жылля, нядбайнае стаўленне саміх пацярпелых да сваёй маёмасці. Аднак маюцца выпадкі, калі крадзяжы здзяйсняліся шляхам падману, калі злачынцы пад любой падставай уваходзяць у жыллё грамадзян, прадстаўляюцца пры гэтым сацыяльнымі работнікамі, прадстаўнікамі медыцынскіх службаў, гаргазу, а таксама прадаўцамі розных тавараў і, карыстаючыся няўважлівасцю грамадзян, здзяйсняюць крадзяжы.
Таксама апошнім часам павялічваецца колькасць злачынстваў у сферы інфармацыйных тэхналогій. Гэтыя злачынствы складаныя ў раскрыцці, бо, у сілу паважанага ўзросту пацярпелых, многія не могуць дэталёва апісаць што з імі адбылося і хто менавіта да іх звяртаўся. Існуюць наступныя віды махлярстваў: “Варажбіткі”, “Сацыяльныя работнікі”, “Дай патэлефанаваць!”, “Алё, мама!”, “SMS-махлярства”, “Для Вас ёсць выплата ад дзяржавы, назавіце нумар карты”, “На Вас аформілі крэдыт, з Вашага рахунку спрабавалі перавесці грашовыя сродкі”. Пры гэтым схемы ашуканцаў увесь час змяняюцца, а іх прыёмы і метады пераканання ўдасканальваюцца з кожным годам. Неабходна памятаць, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў і банкаўскіх устаноў не выкарыстоўваюць месэнджары для атрымання персанальных дадзеных, не просяць здзяйсняць пераводы з банкаўскіх карт.
Гэтая сумная тэндэнцыя абумоўлена тым, што часта пенсіянеры празмерна даверлівыя, наіўныя і бездапаможныя. Як правіла, аб’ектам злачынных замахаў становяцца адзінокія пажылыя людзі, не абароненыя ад ашуканцаў заступніцтвам блізкіх.
Менавіта таму адным з прыярытэтных напрамкаў службовай дзейнасці Петрыкаўскага РАУС з’яўляецца папярэджанне правапарушэнняў і злачынстваў у адносінах да пажылых грамадзян, а бяспецы пажылых людзей надаецца асаблівая ўвага.
Супрацоўнікі Петрыкаўскага РАУС штодзень праводзяць работу, накіраваную на прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў у адносінах да людзей пажылога ўзросту.
Вось некалькі парад, якія дапамогуць пазбегнуць грамадзянам супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да іх:
– не захоўвайце грашовыя сродкі ў шафах з бялізнай, выключыце магчымасць выяўлення грошай староннімі асобамі;
– не адчыняйце дзверы ў кватэру (дом) незнаёмым людзям, у тым ліку тым, якія прадставіліся супрацоўнікамі розных сацыяльных (камунальных) службаў, не трэба саромецца папрасіць у наведвальнікаў прад’явіць дакументы. Больш за тое, нават пасля прад’яўлення дакументаў не варта спяшацца адразу адчыняць дзверы незнаёмцам. Не лішнім будзе патэлефанаваць у адпаведныя ўстановы і пацікавіцца, ці накіроўвалі яны свайго супрацоўніка і як яго прозвішча;
– калі незнаёмыя людзі пад выглядам сацыяльных работнікаў усё ж зайшлі ў кватэру, зачыніце дзверы і не пакідайце месца, дзе захоўваюцца грошы;
– у дні атрымання пенсій наведвайце паштовыя аддзяленні, банкаўскія ўстановы са сваякамі або людзьмі, якім давяраеце;
– у выпадку з’яўлення ў населеным пункце невядомых грамадзян, якія прапануюць розныя паслугі (варажба, масаж, “зняцце псуты”, продаж рэчаў) неабходна паведамляць пра гэтыя факты ў АУС Петрыкаўскага райвыканкама;
– пры званках з невядомых нумароў, калі прадстаўляюцца супрацоўнікамі дзяржаўных органаў, спецыялістаў банкаў і просяць зрабіць аперацыі па банкаўскіх картках, прадаставіць рэквізіты банкаўскіх картак, перавесці грашовыя сродкі, перадаць кур’еру грашовыя сродкі, неадкладна спыніце размову і звярніцеся ў органы ўнутраных спраў.
Памятайце, што адсутнасць пакарання спараджае пачуццё беспакаранасці зламыснікаў да новых дзеянняў, а пацярпець могуць і іншыя грамадзяне!

Віталій МАРКЕВІЧ,
начальнік АУС Петрыкаўскага райвыканкама.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о