Якім паўставаў Петрыкаў на старадаўняй карце?

0
244

Упэўнены, хоць бы раз кожны задаваўся пытаннем, а як выглядалі пэўныя мясціны раней? Здаецца, менавіта з гэтай прычыны большасць людзей любіць разглядаць старыя фотаздымкі, засяроджваючы ўвагу на кожнай дэталі, каб праз імгненне ці некалькі хвілін з задавальненнем усвядоміць і ўнутраным голасам самому сабе прамовіць: “Пазнаў! Дык гэта ж…”.

Якім паўставаў Петрыкаў на старадаўняй карце?Наколькі глыбока мы можам зазірнуць у мінуўшчыну? Самаму старому дакладна датаванаму здымку нашага горада, сярод вядомых мне, спаўняецца сёлета 131 год. Гэта фатаграфія драўлянага касцёла, што ўзвышаўся па-над мысам, дзе зараз знаходзіцца амфітэатр.

Вобразна перанесціся ў мінулае можна, калі знаходзішся ў атачэнні старой архітэктуры. Самай даўняй пабудовай у горадзе з’яўлялася драўляная Пакроўская царква, якія была пабудавана напрыканцы XVII – пачатку XVIII стагоддзяў і перанесеная ў Петрыкаў у першай палове пазамінулага стагоддзя. Копія храма зараз размешчана каля старых могілак.
Няўжо на гэтым нашая візуальная экскурсія ў глыб вякоў райцэнтра абрываецца?

І так, і не… З аднаго боку, паказаць зацікаўленым землякам, як выглядаў наш населены пункт у больш раннія часы, нават на прыкладзе пэўнага месца, нельга. Але мы маем цудоўную магчымасць паглядзець, у якім вобразе паўстала мястэчка перад усімі жыхарамі Еўропы ў 1613 годзе. Аматары гісторыі пэўна ўжо здагадаліся, што размова ідзе пра карту Вялікага княства Літоўскага, створаную па замове Мікалая Хрыштафа Радзівіла “Сіроткі”.

Першая асобная карта ВКЛ была створана крыху раней, у 1595 го-дзе. Але яшчэ да таго моманту, як выданне пабачыла свет, работу картографаў можна было лічыць, як кажуць зараз, маральна састарэлай. Справа ў тым, што стваралася выява фламандцам Рудольфам Меркатарам, які выкарыстаў старыя напрацоўкі. У выніку, з геаграфічнага пункту гледжання, карта мела недакладнасці, а на адваротным баку, дзе змяшчалася інфармацыя пра Вялікае Княства Літоўскае, лад жыцця нашых продкаў апісваўся даволі архаічна. Трэба разумець, што выданне не задавальняла ўласных дзяржаўных запатрабаванняў. Акрамя гэтага, і ваенныя патрэбы падштурхоўвалі да стварэння новай, больш дакладнай карты (гэтае ўдакладненне робіцца невыпадкова – яно дапаможа разабрацца ў блытаніне вакол нашага горада).

Над складаннем карты працаваў друкар, мастак Томаш Макоўскі, які быў вядомы сваімі гравюрамі плана Масквы, панарам Вільна, Нясвіжа, Гродна, Брэста, “чарцяжом” Віцебска. Куды менш вядома нам якімі сіламі была праведзена палявая работа для ўдакладняючых геаграфічных вымярэнняў. Можна сустрэць меркаванне, што гэта было зроблена манахамі-іезуітамі.

Так ці інакш, справа была выканана на высокім узроўні і ў 1613 годзе заказчык атрымаў праект карты традыцыйнага маштабу 1:1300000. Апрача большай дакладнасці, кожны населены пункт паўставаў на выяве не толькі ў выглядзе звычайнага пунсона – акружнасці, што вызначала месцазнаходжанне горада, мястэчка ці вёскі, а ў выяве схематычнай мініяцюрнай панарамы. І кожная з такіх мінімалістычных панарам была арыгінальнай! Лагічна было б меркаваць, што малюнкі гэтыя сапраўды адлюстроўвалі характэрныя рысы горада, а не з’яўляліся вынікам фантазіі картографаў, бо ў адваротным выпадку ўся штучная, дробная работа майстра не толькі бессэнсоўна б павышалася ў сваім кошце, але і значна прамаруджвала працу над выданнем.

Дык як жа выглядаў Петрыкаў? На карце мы бачым, што па-над левым берагам Прыпяці размешчаны населены пункт, планіроўка якога нібы складаецца з двух узроўняў. Бліжэй да ракі заўважаецца паралелаграм, падобны ці то на страху доўгай хаты, ці то на платформу, па якой спускаюцца на ваду рачныя судны. Вышэй дакладна відаць комплекс з буйных пабудоў: магутны фасад з двухсхільным дахам, перпендыкулярна якому ўзвышаюцца востры франтон і нешта накшталт вежы, вяршыню якой працягвае шпіль. Па-за асноўнай кампазіцыяй схематычна паказаныя, відаць, іншыя будынкі.

На карце 1613 года населены пункт пазначаны як “Petrijkowicze” – Петрыковічы. Здаецца, што ў гэтым няма нічога здзіўляючага, бо і зараз некаторыя людзі стала веку так называюць горад, з-за чаго мы інтуітыўна лічым гэтую назву больш старой формай тапоніма Петрыкаў. Але цікава тое, што на больш ранняй заходнееўрапейскай карце Меркатара 1595 года, напісана ўсё ж такі “Petrikow”. З гэтай прычыны пытанне пра тое, якая назва горада з’яўляецца больш ранняй застаецца адкрытым. Ва ўсялякім разе відавочным становіцца факт, што ў канцы XVI – пачатку XVII стагоддзяў тапонімы суіснавалі.

Другая цікавая дэталь у тым, што на мініяцюры размешчаны яшчэ і пунсон у выглядзе падвойнага круга. На легендзе карты такі тып населенага пункта патлумачаны на лацінскай мове як “Civitas”, што прынята ў нашай гістарыяграфіі разумець як “умацаваны горад”. Тое, што Петрыкаў меў замак з умацаваннямі – не навіна, але здзіўляе статус горада, бо мы ведаем, што населены пункт яшчэ доўгі час з’яўляўся мястэчкам.

Пэўна, горадам Петрыкаў быў пазначаны на карце менавіта з ваеннага пункту гледжання, хоць на самой справе заставаўся мястэчкам. Трэба разумець, што інфармацыя пра ўмацаваны замак, бастыён, магчымасці размяшчэння гарнізону была больш важная для вайскоўцаў, чым адміністрацыйны статус.

Гэта пакуль уся інфармацыя, якую нам удалося атрымаць ад сціплай выявы на старадаўняй карце, але менавіта па такіх крупінках і складаецца гісторыя родных мясцін.

Карту разглядаў
Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о