Раённы этап абласной патрыятычнай акцыі “Я за цябе сэрцам, Беларусь” прайшоў на гэтым тыдні ў раённым Доме культуры. Свята аб’яднала людзей розных пакаленняў і прафесій, сапраўдных патрыётаў сваёй краіны: прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, і стала падарункам для жыхароў Петрыкаўшчыны.
У файе ўстановы культуры разгарнуліся інтэрактыўныя пляцоўкі ад раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, якія радавалі ўдзельнікаў падзеі, запрашаючы да прагляду экспазіцый і на займальныя віктарыны.
Па традыцыі правядзення абласной патрыятычнай акцыі галоўным акцэнтам мерапрыемства стаў адкрыты дыялог запрошаных гасцей. У ролі спікераў выступілі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько і першы сакратар раённай арганізацыі ГА БРСМ Дар’я Туравец.
Спікеры ў сваіх выступленнях закраналі надзённыя тэмы этапаў станаўлення і развіцця дзяржавы, культурнага коду беларусаў, эканамічнага развіцця Беларусі і ролі моладзі ў будучым краіны. Удзельнікі акцыі на рэальных прыкладах з жыцця і грамадскай дзейнасці расказвалі пра дасягненні краіны і Петрыкаўскага раёна ў прыватнасці.
Парламентарый у сваім выступленні выказала ўпэўненасць у тым, што патрыятычная акцыя не пакіне ніводнага чалавека ў краіне абыякавым.
– Узгадаю словы нашага Прэзідэнта: “Не можа быць шчаслівай будучыні без міру”. Гэтыя словы Кіраўніка дзяржавы – вельмі глыбокія. Мір і згода павінны быць у кожнага чалавека ў сэрцы. Мы будуем сваё жыццё, выразна ўсведамляючы, што толькі ад нас залежыць, якім будзе заўтра, і выразна разумеем: наша сіла – у адзінстве, згуртаванасці, шчырай, самаахвярнай любові да Айчыны, да малой радзімы, да сваіх каранёў. Час выбраў нас, і мы за цябе сэрцам, Беларусь! – рэзюмавала Святлана Сянько.
Кіраўнік раёна нагадаў, як пры падтрымцы лідара дзяржавы сёння развіваюцца рэгіёны.
– Мы бачым усё гэта на прыкладзе нашага раёна. Будуюцца новыя аб’екты, матэрнізуюцца існуючыя, актыўна развіваецца сацыяльная сфера, не стаіць на месцы і аграпрамысловы сектар, – зазначыў старшыня райвыканкама.
Гаворачы пра знакавую падзею для кожнага грамадзяніна нашай краіны – вы-бары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Верамееў падзяліўся меркаваннем, што аддаць свой голас на выбарах – не проста гарантаванае канстытуцыяй права кожнага жыхара краіны, але і наш грамадзянскі доўг, а, калі шчыра, то і святы абавязак.
Асобным блокам патрыятычнай акцыі стала ўшанаванне актывістаў грамадскіх арганізацый і палітычных партый, патрыётаў краіны і малой радзімы, людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Цудоўным падарункам для ўдзельнікаў мерапрыемства стаў святочны канцэрт, які падрыхтавалі лепшыя выканаўцы і творчыя калектывы раёна. Лейтматывам сустрэчы стала думка: сэрца кожнага беларуса належыць роднай краіне. Так, нам ёсць чым ганарыцца і што берагчы. А яшчэ, у адзінстве і заключаецца наша галоўная сіла.
Галіна КАЗАК.
Фота Святланы СОБАЛЕВАЙ.
Оставить комментарий