Надзённая праца аграрыяў зараз сканцэнтравана ў тым ліку на кукурузных палетках. “Царыца палёў” – важная культура, што дазваляе гаспадаркам забяспечыць кармамі статак. Менавіта на закладку зялёнай масы ў сіласныя ямы ААТ “Курыцічы” мы і завіталі днямі.
Пакуль дабіраліся да аб’екта, дырэктар гаспадаркі Мікалай Сялюк падзяліўся лічбамі: “Пад кукурузу на сілас у гэтым годзе мы адвялі 847 гектараў, яшчэ 120 гектараў плошчы было вылучана пад кукурузу на зерне. Культура ў гэтым годзе дасягнула кандыцыі, таму і ўраджайнасць я б ацаніў станоўча.
Зараз на ўборцы “царыцы палёў” працуе адзін механізатар, яшчэ трое занятыя на адвозцы зялёнай масы. Першачарговая задача – тэрмінова ўбраць культуру, каб мінімізаваць яе ўсыханне, якое ўжо пачалося. Усё ж нам патрэбна вызначаная якасць і, у першую чаргу, вільготнасць сіласу, каб як мага болей захавалася ў ім прыдатных карысных рэчываў.
Пры заданні ў 10,5 тысяч тон масы мы нарыхтавалі ўжо 5,5 тысяч тон. Так бы мовіць, экватар пераадолелі літаральна працягам месяца і зараз галоўнае не збаўляць тэмпы і справіцца з астатнімі плошчамі за бягучы месяц. Не хацелася б загадваць наперад адносна абсалютных лічбаў па ўраджайнасці, але адназначна магу пераканаць – з даведзеным планам мы справімся”, – паведаміў Мікалай Уладзіміравіч.
Мы прыпыняемся каля сіласнай ямы. Дырэктар сельгаспрадпрыемства адзначае, што сёлета пасяўныя плошчы кукурузы былі спланаваныя так, каб максімальна наблізіць іх да месцаў закладкі: “Плячо перавозкі – да 2 кіламетраў, таму тры адзінкі тэхнікі, што задзейнічаны на адвозцы, робяць ад 12-ці да 15-ці рэйсаў на дзень да сянажнай траншэі і праца ідзе бесперапынна”.
Шчыруе на трамбоўцы зялёнай масы на “Амкадор-342С4” Сяргей Шуберт. Трактарыст-машыніст распавядае: “Працоўны дзень мой пачынаецца з 5-ці гадзін раніцы, у палову 6-й гадзіны я ўжо раздаю кармы жывёле, пасля чаго выпраўляюся на трамбоўку. Заканчваю работу ў сярэднім каля 7-мі гадзін вечара, але бывае ўсякае, таму шчыраваць выпадае недзе 12-14 гадзін на суткі. Калі казаць выключна пра трамбоўку, то працягам дня ўдаецца закласці каля 350-ці тон.
Што да ўраджаю кукурузы, то ў гэтым годзе ён будзе ўдалым. Тут трэба заўважыць, што на этапе падрыхтоўчых работ добра спрацавала кіраўніцтва гаспадаркі, а мы прыклалі намаганні, каб годна выканаць усе распараджэнні”.
Сяргей Станіслававіч распавёў, што за руль сельгастэхнікі ён сеў яшчэ юнаком, у 16-гадовым узросце. Кваліфікацыю трактарыста атрымаў у Муляраўцы – тады ў пасёлку знаходзіўся філіял Рэчыцкага ПТВ. Потым атрымаў пасведчанне вадзіцеля аўтамабіля ў ДТСААФ. Працаваў у галіне сельскай гаспадаркі, іншых установах, а з 2010 года пераехаў у родную вёску і ўладкаваўся ў ААТ “Курыцічы”.
Жонка нашага героя таксама доўгі час працавала ў гаспадарцы. Разам яны выгадавалі дачку, якая таксама звязала свой лёс з аграгарадком і працуе настаўнікам замежнай мовы ў мясцовай школе.
“У справе хлебароба галоўнае вопыт і цярплівасць. Усё патрэбнае для таго, каб стаць прафесіяналам ёсць у кожным прадпрыемстве: слухаць старэйшых таварышаў, дапамагаць адзін аднаму, бо без узаемадапамогі і павагі да калег у нашай прафесіі немагчыма. Акрамя гэтага, як бы дзіўна не гучала: тэрміновая работа не церпіць спешкі. Трэба грунтоўна падыходзіць да справы, пачынаючы з падрыхтоўкі сваёй машыны да сезону і кожнага выезду, і працягваючы з пачаткам кожнага рэйса, бо першасная задача любога вадзіцеля – арганізаваць бяспечны рух”, – заўважыў механізатар.
Вольнага часу ў мужчыны амаль няма – Амкадор працуе ўвесь год: акрамя трамбоўкі трэба ажыццяўляць падвоз кармоў, вываз арганікі. Але калі і выпадае вольны дзень, Сяргей Шуберт, апрача хатніх спраў, спяшаецца выбрацца на рыбалку. “У гэтай справе я больш аматар, не шукаю рыбных месцаў і не дбаю за зайздросны ўлоў. Гэта хутчэй адпачынак, каб, як то кажуць, перавесці дух, адпачыць ад работы ў цішыні і набрацца сіл на ўлонні прыроды”, – падзяліўся Сяргей Станіслававіч.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий