Ветэранскія старты

0
882

У апошнюю нядзелю верасня, у спартыўнай зале ДЮСШ, адбыліся раённыя спаборніцтвы па настольным тэнісе і дартсе сярод грамадзян паважанага ўзросту, прымеркаваныя да Міжнароднага дня пажылых людзей.

У час урачыстага адкрыцця мерапрыемства, якое сабрала два дзясяткі ўдзельнікаў, прысутных з надыходзячым святам павіншавалі выконваючая абавязкі начальніка сектара спорту і турызму райвыканкама Зінаіда Беламутава, намеснік старшыні раённага Савета ветэранаў Мікалай Жукоўскі, дырэктар ДЮСШ Петрыкаўскага раёна Валянціна Урбанчык і ганаровы госць – ураджэнец Петрыкава, жыхар Калужскай вобласці Расійскай Федэрацыі, заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Анатолій Марозька.
Распачаліся спаборніцтвы. Самым трапным у дартсе сярод мужчын быў Васілій Пінчук з Капаткевічаў, які набраў у той дзень 160 ачкоў. Другі вынік з сумай у 148 балаў паказаў Сяргей Шпак, а трэцяе прызавое месца было за Віктарам Кабаковым – 130 ачкоў.
Сярод жанчын перамогу святкавала спартсменка з Капаткевічаў Галіна Вабішчэвіч – 94 ачкі, другая прыступка п’едэстала скарылася Кацярыне Хамец з вынікам у 86 балаў, а трэцяе месца заваявала Ірына Купрэй з вынікам у 85 ачкоў.
У настольным тэнісе ўдзельнічалі ажно 12 мужчын. З гэтай прычыны майстры малой ракеткі былі па-дзеленыя жараб’ёўкай на тры групы, дзе спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме. Пераможцы змагаліся за чэмпіёнства ў фінальнай частцы турніру. Прызавыя месцы зноў разыгрывалі паміж сабой жыхары Капаткевічаў і кожная сустрэча скончылася ў канкурэнтнай барацьбе з лікам 2:1.
Трэцяе месца на гэты раз было за Уладзімірам Вабішчэвічам, «срэбра» спаборніцтваў дасталася Дзмітрыю Антанішыну, а перамогу святкаваў Васілій Пінчук.

Аляксей КАЮКАЛА,
старшыня пярвічнай арганізацыі БГА “Ветэраны ФКіС Петрыкаўскага раёна”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о