Пра калектыў аддзялення паштовай сувязі “Мышанка” неаднойчы даводзілася чуць добрыя словы. Як пад час правядзення Дня падпісчыка, так і сустрэч з насельніцтвам. Землякамі адзначаўся прафесійны і адказны падыход работнікаў аддзялення да сваіх абавязкаў.
Сустрэча з загадчыцай паштовага аддзялення Аленай Панамарэнка, паштальёнамі Вольгай Мятлушка і Наталляй Панфіленка адбылася непасрэдна на іх працоўным месцы.
– Уявіць жыццё без пошты цяжка. Дзякуючы нам, у людзей ёсць магчымасць не толькі не згубіцца ў моры інфармацыі, але і адчуць сардэчнае цяпло і радасць ад зносін адзін з адным, – пачынае размову Алена Уладзіміраўна. – Прыходзячы да нас, землякі маюць магчымасць не толькі адправіць ці атрымаць пасылку, аплаціць камунальныя паслугі, аформіць падпіску, а яшчэ здзейсніць цэлы спіс паслуг, якія ўключаюць набыццё неабходных тавараў айчыннай вытворчасці для дома. Мы адчуваем нашу запатрабаванасць у аднавяскоўцаў і імкнёмся пачуць кожнага з іх.
Алена Уладзіміраўна ў прафесіі амаль дваццаць гадоў. Сама родам з вёскі Слінкі Конкавіцкага сельскага Савета. У 2007 годзе прыйшла ў Мышанскае аддзяленне на пасаду аператара. За гады працы заслужыла павагу калег і кліентаў.
Гаворачы пра работу, жанчына прызнаецца: спіс паштовых паслуг пашыраецца з году ў год, ускладняюцца задачы, абсталяванне, тэхналогіі. Каб працаваць вынікова, трэба адпавядаць патрабаванням часу. Але ёй і яе калегам удаецца трымаць неабходную планку: калектыў згуртаваны, кожны ведае сваю справу і стараецца выконваць яе годна.
Алена Уладзіміраўна адзначае: вялікая адказнасць і нагрузка ляжыць на паштальёнах, якія ў любое надвор’е штодня адольваюць не адзін кіламетр. Яе калегі дастаўляюць у дамы вяскоўцаў не толькі любімую прэсу, доўгачаканыя вестачкі ад родных і блізкіх, а і запатрабаваныя тавары, якія маюцца ў наяўнасці ў паштовым аддзяленні.
Самі паштальёны дзеляцца: хоць у іх на абслугоўванні знаходзіцца тысяча дзвесце чалавек – з абавязкамі спраўляюцца, справу сваю не баяцца.
– Самы напружаны перыяд – гэта Дні падпісной кампаніі, якая праходзіць у нас заўсёды паспяхова, – уступае ў размову Вольга Уладзіміраўна. Штодзень сустракаючыся з аднавяскоўцамі, членамі працоўных калектываў, мы разам гартаем каталог, дзе можна выбраць выданне на любы густ, расказваем пра навінкі. Будзьце ўпэўнены: жыхары Мышанкі без перыёдыкі не застаюцца. І яшчэ адзначу: асноўная частка насельніцтва аддае перавагу нашым мясцовым “Петрыкаўскім навінам”.
– Ведаем мы і патрэбы тых, хто па нейкіх прычынах не можа прыйсці да нас і набыць неабходнае, – дадае Наталля Міхайлаўна. – Увесь тавар, што знаходзіцца ў нас на паліцах, пры неабходнасці мы дастаўляем землякам.
Жанчыны – ураджэнкі Мышанкі, добра ведаюць жыхароў і праца на малой радзіме прыносіць ім задавальненне.
У час нашага візіту ў аддзяленне заходзілі людзі, і тады размова прыпынялася. Было цікава назіраць, як хутка і ўважліва абслугоўвалі наведвальнікаў нашы гераіні. У зале аддзялення на спецыяльных стэндах зроблена выкладка віншавальных паштовак, розных часопісаў. Асобна ляжыць рэспубліканскія, абласныя і раённая газеты, якія ў свабодным доступе ў вяскоўцаў. Было зразумела, што жыхары прыходзяць сюды не толькі за навінамі, а і набыць неабходныя тавары, асартымент якіх багаты і карыстаецца попытам. Не дзіўна, што калектыў выконвае давезеныя планы, і пастаўленыя перад імі паказчыкі.
Затрымліваць доўгімі размовамі работнікаў паштовага аддзялення “Мышанка” мы не сталі – наперадзе ў іх насычаны дзень. І ад таго, як прадуктыўна ён пройдзе, залежыць настрой і камфорт землякоў.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий