Нацыянальны парк “Прыпяцкі” не перастае радаваць сваіх турыстаў і наведвальнікаў. З нядаўняга часу ў гасцінічным комплексе “Прыпяць” пачаў працаваць саляны пакой і масажны кабінет.

На пытанне, чым тлумачыцца з’яўленне новай ва ўсіх сэнсах для прыродаахоўнай установы паслугі, вядучы спецыяліст па экалагічнай асвеце ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” Вераніка Цімашчэня адказала наступнае:
– Час не стаіць на месцы, сёння ўжо турысты прыязджаюць да нас не толькі за незабыўнымі эмоцыямі, што пакідаюць палескія краявіды з разнастайнай флорай і фаўнай. Не першы год актыўна заяўляе пра сябе, у першую чаргу дзякуючы фестывалю “Кліч Палесся”, культурна-этнаграфічны турызм, развіваем гастранамічны турызм. Зараз робім першыя крокі ў аздараўленчым. Што да новых паслуг, то мы ўпэўнены, што яны будуць запатрабаваныя. А як іначай, клопат пра сваё здароўе – неад’емная частка жыцця сучаснага чалавека. Каб максімальна доўгі час адчуваць сябе актыўным, бадзёрым і энергічным, запрашаем наведаць наш масажны кабінет. Калі вас непакояць частыя і хранічныя захворванні – наш саляны пакой умацуе імунітэт, здыме стрэс, нармалізуе абмен рэчываў, палепшыць агульнае самаадчуванне.
Аднак мы ж памятаем, што лепш адзін раз убачыць, а ў нашым канкрэтным выпадку наведаць, чым сто разоў пачуць. Што да апошняга, то ў “Прыпяцкім” вам заўсёды радыя!


Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о