Узнаўленне пагалоўя – пытанне стратэгічнае для сельгасгаліны

0
542

Днямі на малочна-таварным комплексе “Кашэвічы” ААТ “Навасёлкі” прайшоў раённы семінар па пытанні ўзнаўлення пагалоўя буйной рагатай жывёлы. У рабоце семінара прынялі ўдзел кіраўніцтва райсельгасхарчу, філіяла племпрадпрыемства і ветэрынарнай станцыі, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, галоўныя заатэхнікі, ветэрынарныя ўрачы, спецыялісты па штучным асемяненні.

Семінар адкрыла брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі Ніна Грынкевіч, якая праінфармавала прысутных па пытанні ўтрымання цялушак, іх адборы пад асемяненне. Па словах брыгадзіра, для атрымання найлепшага паказчыку, апошняе магчыма толькі па дасягненні жывёлай вагі больш за 360 кілаграмаў і ў гаспадарцы гэтага правіла прытрымліваюцца.

У пункце штучнага асемянення аператар па штучным асемяненні Наталля Шэцка распавяла пра фізіялагічны стан цялушак і кароў на ферме, пра выяўленне іх у ахвоце. Кабінет на пункце ўкамплектаваны ўсім неабходным абсталяваннем для правядзення штучнага асемянення. Як заўважыла начальнік Петрыкаўскага філіяла РСУП “Гомельдзяржплемпрадпрыемства” Таццяна Марцынкевіч, аператар належным чынам вядзе дакументацыю па кантролі за асемяненнем, маюцца спісы непрыходзячых у ахвоту жывёл, а таксама акты на апрыходаванне прыплоду. Удзельнікам семінару быў прадэманстраваны станок для асемянення цялушак, які мадэрнізаваны работнікамі для больш зручнага правядзення працэсу.

Пра ўтрыманне дойнага статку на МТК распавяла галоўны заатэхнік Наталля Міцкевіч, якая падрабязна спынілася на рацыёне, кармленні, даенні.

Не абышлі ўвагай удзельнікі семінару маладняк, заслухалі інфармацыю пра яго кармленне, перавагу і сартаванне. У клетках-доміках знаходзілася 84 галавы. Што да ўтрымання – яно на належным узроўні: на доміку маецца інфармацыя пра цялятка і яго маці, выпайка і кармленне ажыццяўляецца згодна схеме 2 разы на дзень, пачынаючы з 6-ці літраў на галаву. Маецца камбікорм, у паілках – чыстая вада, домік павапнаваны, унутры – салома на падсцёл.

– Усё гэта – складнікі прываг і захаванасці статку, – рэзюмавала намеснік начальніка ўпраўлення сельгасхарчу Марына Бутрым.

У час семінару сур’ёзная ўвага была нададзена пытанню раздою БРЖ. Наведаны цэх раздою, дзе размешчана па групах пагалоўе сухастойнага перыяду. Загадчык участковай ветлячэбніцы Уладзімір Пырко праводзіў абследаванне жывёл, што расцяліліся, і іх лячэнне. Па словах спецыяліста, на “яму” каровы выходзяць клінічна здаровыя. У зоне адказнасці Уладзіміра Мікалаевіча ўсё пагалоўе МТК “Кашэвічы”: каровы, цялушкі, маладняк.

Работнікі райветстанцыі прадэманстравалі апарат УГД для правядзення рэктальных даследаванняў, медыцынскія прэпараты для лячэння гінекалагічных захворванняў кароў, распавялі пра іх прымяненне, нагадалі спецыялістам схемы лячэння.

Па завяршэнні практычнай часткі, прайшло пленарнае пася-джэнне, на якім былі разгледжаны пытанні атрымання прыплоду па выніках 7-мі месяцаў, арганізацыі работы па штучным асемяненні і выкананні задання ў гаспадарках раёна, правядзенні вакцынацыі БРЖ на жывёлаводчых аб’ектах.

Завяршыўся семінар абмеркаваннем пытанняў падрыхтоўкі жывёлаводчых аб’ектаў да зімова-стойлавага перыяду, правядзення пазапланавай інвентарызацыі пагалоўя на наяўнасць сродкаў ідэнтыфікацыі і своечасовай устаноўкі дублікатаў.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о