17 лістапада беларускія праваахоўнікі адзначаць Дзень участковага інспектара міліцыі – супрацоўніка органаў унутраных спраў, які знаходзіцца на перадавой барацьбы са злачынствам і правапарушэннямі. Напярэдадні гэтай даты мы пагутарылі з участковым інспектарам РАУС малодшым лейтэнантам Андрэем Грамовічам.
Участак Андрэя Васільевіча складаецца зараз з Навасёлкаўскага і Камаровіцкага сельскіх саветаў. Гэта больш двух дзясяткаў населеных пунктаў, дзе пражывае каля 1,5 тысячы чалавек. На ўчастак малады чалавек быў прызначаны нядаўна – у канцы мінулага месяца, калі атрымаў званне малодшага лейтэнанта. Але з людзьмі Андрэй Грамовіч знаёмы добра – напачатку службы, у 2016 годзе, ён ужо працаваў тут, толькі на пасадзе малодшага ўчастковага інспектара.
– Сам я родам з Капаткевічаў. Атрымаўшы базавую адукацыю ў 2008 годзе, паступіў у Гомельскі машынабудаўнічы каледж. Атрымаўшы дыплом, працаваў на вытворчасці, а ў 2013 годзе быў прызваны на службу ва Узброеныя Сілы Беларусі. Пасля дэмабілізацыя я вярнуўся на малую радзіму і неўзабаве атрымаў прапанову працаўладкавання ў РАУС. Прапановай я скарыстаўся і быў накіраваны ў вучэбны цэнтр, а з чэрвеня 2016 года пачаў службу ў органах унутраных спраў, – распавёў праваахоўнік.
Па словах суразмоўцы, большая частка работы сучаснага ўчастковага зараз складаецца з прафілактыкі – асаблівая ўвага надаецца тэлефоннаму і кібермахлярству. “Пастаянна праводзяцца адпрацоўкі жылога сектара, апрача іншых дзён працуем з насельніцтвам абавязкова па суботах, калі большасць вяскоўцаў знаходзяцца дома. Акрамя гэтага, нямала часу займае работа з рашэннем матэрыялаў, паступаючых ад грамадзян зваротаў і заяў”, – растлумачыў Андрэй Грамовіч.
Што тычыцца найбольш распаўсюджаных злачынстваў, інспектар адзначыў, што ў сельскай мясцовасці назіраецца пэўная сезоннасць. У вясновы перыяд павялічваецца колькасць крадзяжоў. Гэта можа быць металалом, сельскагаспадарчы інвентар ці нешта з лецішчаў гаспадароў, якія прыедуць у вёскі на адпачынак пазней. У летне-восеньскі перыяд пачынаюцца крадзяжы прадуктаў харчавання, у тым ліку з ураджаю бягучага года. А вось узімку на першы план выходзяць побытавыя канфлікты.
На пытанне: “Якімі якасцямі павінен валодаць участковы інспектар міліцыі?”, – Андрэй Васільевіч адказаў: “Акрамя таго, што кожны супрацоўнік павінен быць самаадданым, пільным і адказным, лічу, што вельмі важна быць камунікабельным. Поспех нашай работы ў забеспячэнні агульнага правапарадку грунтуецца на даверы, а для гэтага вельмі важна ўмець размаўляць з людзьмі, адчуваць іх клопаты і засцярогі. Уласна я назіраю, што за гады маёй службы давер да супрацоўнікаў міліцыі ўзмацніўся, а гэта значыць, што мы працуем у правільным напрамку”.
Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.
Оставить комментарий