Штогод, 12 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў органаў папярэдняга следства, свята тых, хто займаецца ўсебаковым, поўным, аб’ектыўным і аператыўным расследаваннем злачынстваў. 24 гадзіны ў суткі 7 дзён у тыдзень яны нястомна вядуць карпатлівую працу для высвятлення ўсіх абставін кожнага злачынства, бо ў іх руках – лёсы людзей. Напярэдадні чатырнадцатай гадавіны ўтварэння ведамства карэспандэнты “ПН” даведаліся, як праходзяць будні следчых Петрыкаўшчыны.

Пра бягучыя задачы, напрамкі работы распавёў начальнік Петрыкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўнік юстыцыі Георгій Верашчакоў:
– Следчы камітэт – адна з маладых праваахоўных структур. Да 2012 года следчыя служылі практычна ва ўсіх сілавых ведамствах: у пракуратуры, МУС, ДФР і КДБ. Зараз папярэдняе расследаванне ажыццяўляецца Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь. Калектыў Петрыкаўскага раённага аддзела з улікам работнікаў, якія займаюцца пытаннямі забеспячэння, – 13 чалавек. Мне, як начальніку аддзела, вельмі пашанцавала служыць у дадзеным калектыве. Я магу з упэўненасцю сказаць, што ў аддзеле праходзяць службу вопытныя супрацоўнікі, адданыя службе, якім, як гаворыцца ў народзе, любая справа «па плячы». Ад сябе асабіста хачу сказаць, што з кожным пайшоў бы ў разведку. У аддзеле, у мэтах эфектыўнасці следчай работы, існуе прынцып размеркавання паміж следчымі спраў па іх спецыялізацыі. Больш вопытныя следчыя, Яўгеній Стэльмах і Эдуард Шыпінскі, расследуюць асабліва цяжкія і цяжкія злачынствы супраць асобы, карупцыйныя і рэзанансныя злачынствы. У шэрагу выпадкаў ім дапамагаюць і іншыя супрацоўнікі аддзела, на якіх у тым ліку ляжыць асноўная нагрузка па расследаванні злачынстваў, якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх Добрасумленна нясуць службу і інспектар па дакументацыйным забеспячэнні Ганна Аўчыннікава, інспектар па тылавым забеспячэнні Ігар Шабалтас. Хачу не забыць і следчую Алену Пятруніну, якая зараз асвойвае прафесію маці. Дома Алена любячая маці, а на службе сапраўдны прафесіянал сваёй справы.
На пытанне, якія злачынствы найбольш характэрныя для Петрыкаўшчыны, падпалкоўнік юстыцыі адказаў так:
– За восем месяцаў бягучага года следчыя правялі 241 праверку па паведамленнях аб учыненні злачынстваў, па выніках якіх узбуджана 124 крымінальныя справы. З іх найбольшую колькасць складаюць крадзяжы – 36, кіберзлачынствы – 30. Забойстваў і прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў – 2. Таксама паступіла на разгляд 9 паведамленняў супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды, хуліганстваў – 5.
– Карыстаючыся магчымасцю, віншую калег з прафесійным святам. Няхай паспяхова складваецца асабістае жыццё. Таксама жадаю моцнага здароўя і кар’ернага росту. Хачу павіншаваць і ветэранаў следства, чый жыццёвы шлях з’яўляецца прыкладам добрасумленнага служэння Айчыне.
Далей сустракаемся з самым маладым супрацоўнікам Дыянай Панцялеевай. Даведаліся, што бацька дзяўчыны служыў ва ўпраўленні дэпартамента фінансавых расследаванняў, а дзядуля быў пракурорам Петрыкаўскага раёна. Яшчэ ў школе, гледзячы на тату, Дыяна Андрэеўна цвёрда вырашыла стаць юрыстам, а два гады таму стаць следчым. Кожны дзень яна працуе з рознай катэгорыяй крымінальных спраў, зараз на стале – чарговая гісторыя пра махлярства ў сетцы Інтэрнэт. На пытанне, што для яе было самым цяжкім у першы год службы, Дыяна Андрэеўна не задумваючыся, адказала:
– Каляды 2024 года і выезд у адну з вёсак раёна па паведамленні пра забойства. Як «першагодцы» цяжка было ацэньваць сітуацыю, пры аглядзе цела і пошуку слядоў, але я разумела, што неабходна праявіць вытрымку. Тады на дапамогу прыйшоў настаўнік – старэйшы следчы Яўгеній Стэльмах. Нягледзячы на хваробу і тэмпературу звыш 38, у той дзень Яўгеній Уладзіміравіч праявіў сябе як сапраўдны афіцэр і зрабіў усё, каб вінаваты ў наступным панёс заслужанае пакаранне. Гледзячы на спартыўнага Яўгенія Стэльмаха, па аповядах кіраўніка сапраўднага сем’яніна, задаем яму некалькі пытанняў.
– Яўгеній Уладзіміравіч, вы напэўна вельмі любіце спорт, хто вам прывіў любоў да здаровага ладу жыцця?
– Самастойна пачаў займацца спортам яшчэ ў школе, далей у Акадэміі МУС, дзе ўпор быў зроблены на сілавыя трэніроўкі і рукапашны бой. Нягледзячы на тое, што служба займае шмат часу, для трэніровак паміж выездамі на здарэнні, з калегамі ў аддзеле абсталявалі куток для спорту.
– Скажыце, калі ласка, якое для вас у гэтым годзе злачынства было найбольш складаным?
– У гэтым годзе да 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі мясцовага жыхара за гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да трох непаўналетніх дзяўчынак. Падрабязнасці – жахлівыя, лепш пра іх не ведаць,– распавядае Яўгеній Уладзіміравіч. – Нашыя следчыя, сумесна з супрацоўнікамі АУС, штогод выяўляюць падобныя злачынствы. Пры высвятленні абставін учынення злачынстваў даводзіцца сутыкацца з рэчамі, якія выходзяць за рамкі чалавечага разумення. Далей мы сустракаем Эдуарда Шыпінскага.
– Мы ведаем, што ў вашай рабоце знаходзяцца «карупцыйныя” і “эканамічныя» справы. У чым складанасць расследавання і які колькасны вынік?
– Што датычыцца гэтай катэгорыі спраў, то на тэрыторыі раёна працяглы час пад пытаннем заставалася сельская гаспадарка: як крадзеж дзяржаўнай уласнасці, так і наўмыснае скажэнне звестак дзяржаўнай справаздачнасці. Сёлета ў раёне адбыўся спад злачынстваў гэтай катэгорыі, што звязана з належнай прафілактыкай з боку следчага камітэта.
Рэдакцыя газеты выказвае шчырыя словы падзякі ўсім супрацоўнікам і ветэранам следства. Жадаем поспехаў у службе, цвёрдасці і ўпартасці ў дасягненні вызначаных мэт. Моцнага здароўя і аптымізму, міру, дабра і справядлівасці!

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о