Праз апаленае вайной дзяцінства прайшлі тысячы землякоў. З кожным годам іх, сведкаў вялікай трагедыі і слаўнай Перамогі савецкага народа, становіцца меней, і тым каштоўней сустрэчы з імі і расказаныя гісторыі няпростага лёсу. Гераіня нашага сённяшняга артыкулу – Сцепаніда Герасімаўна Гарошка. Яе ўспаміны мы прапануем вашай увазе.

– Нарадзілася ў райцэнтры ў сялянскай сям’і ў 1930 годзе. З даваеннага мірнага жыцця мала чаго памятаю, а вось перажытае ў гады Вялікай Айчыннай памяць чамусьці трымае…
Да вайны паспела закончыць 4 класы. Добра памятаю, як у Петрыкаў прыйшлі немцы. Вельмі страшна было: узброеныя людзі, чужая гучная мова. Мы, дзеці, вельмі баяліся выйсці на вуліцу, не да гульняў было, хаваліся дома і трымаліся бацькоў.
Пераважная большасць мужчын-суседзяў у першыя дні вайны была мабілізавана на абарону Айчыны. Многія з іх не вярнуліся. Дарэчы, бацьку свайго з вайны мы таксама недачакаліся – з-пад Сталінграда прыйшла на яго пахаронка. Мой малодшы брат, які нарадзіўся ў лістападзе 41-га, пра бацьку ведае толькі з нашых успамінаў і аповедаў.
Часам сяджу, успамінаю і не разумею, як можна было перажыць усё тое гора, страх і нястачы, што выпалі на нашу долю ў час вайны і ў першыя пасляваенныя гады. Але ж не толькі перажыла, а і да такога пачэснага ўзросту дажыла.
А ў гады ваеннага ліхалецця нашай гераіні давялося спазнаць усю горыч нямецкага рабства. У адзін з дзён, калі іх, дзесяці-дванаццацігадовых дзяцей, пагналі немцы капаць абарончы роў на беразе Прыпяці, пачаўся яе лёс “астарбайтэра”. Пасля працы дзяцей дадому не адпусцілі, замкнулі ў царкве, а праз некалькі дзён павезлі на чыгуначную станцыю ў Капцэвічы, дзе яны чакалі адпраўкі ў Германію. У час пагрузкі ў таварныя вагоны, Сцепаніда Герасімаўна на пероне ўбачыла матулю з малымі. Стала прасіцца ў немца, што там яе маці і браты, а ён і пусціў дзяўчынку да сваіх. Так усе чацвёра яны і трапілі ў нямецкае рабства.
– Як прыехалі ў Германію, на станцыі нас выставілі перад баўэрамі як на кірмашы – і пачалі мы працаваць на дабрабыт Трэцяга Рэйха. Трапілі мы ў вёску Гольміч. На ферме ў немца рабілі ўсю брудную работу: даглядалі жывёлу, чысцілі хлявы. Жылі мы ў полі, у, па ўсім відаць, на хуткую руку пабудаваным бараку. Спалі на двухпавярховых, збітых з сырых дошак ложках. Не было дня, каб мы не застромілі целы маленькімі драўлянымі шчэпкамі.
Кармілі нас абыяк, картак на харчаванне, што кожны тыдзень выдавалі матулі, хапала на два, пры ашчадным карыстанні на тры дні. Таму часам мы прабіраліся да гаспадарскіх сціртаў і кралі буракі і бульбу – так і жылі, з тугою ў вачах згадвае сваё жыццё наша гераіня. Больш за два гады доўжылася яе нямецкае рабства. Добра памятае былая вязень дзень Перамогі. – За некалькі дзён да нашага вызвалення, немец, у якога мы парабкавалі, загадаў збірацца ў эвакуацыю. Пагрузілі нас на колы і рушылі караванам на Берлін. Часта думаю: няўжо ён разлічваў, што нямецкая армія здолее стрымаць савецкае войска, якое пераможным маршам змерыла ўжо паў-Еўропы.
Да Берліна мы не дайшлі – нас спынілі вайскоўцы, якія адправілі баўэра дадому, а нас на бліжэйшую станцыю. Салдаты загадалі нашаму былому гаспадару даць нам нармальную вопратку, бо выгляд мы, гэта я цяпер разумею, мелі жахлівы – за гады рабства вопратка наша знасілася ўшчэнт. Доўгай, няпростай, аднак радаснай была дарога дадому, працягвае свой аповед наша гераіня. – Вярнуліся, а хата нашая без даху стаіць, добра, што цэлая хоць, бо ў суседзяў скрозь то спаленыя, то разабраныя – вядома, вайна. Матуля пайшла працаваць у калгас і я з ёю, пра далейшую вучобу гаворка не ішла – трэба было выжываць, падтрымкі і дапамогі асаблівай чакаць не даводзілася. Праз некаторы час старэйшы матулін брат забраў мяне ў Бабруйск, дзе ён служыў на афіцэрскай пасадзе. Там пры доме афіцэраў былі арганізаваны курсы швачак. На жаль, гэта не стала маёй прафесіяй, аднак для сям’і маё майстэрства заўсёды прыносіла карысць: і сваіх абшывала, і заказы часам брала.
Муж мой быў вязнем нямецкага канцлагера. Не любіў успамінаць той час, яно і зразумела: прайшоў чалавек праз страшны голад, холад, нястачы і бясконцае прыніжэнне. Расказваў, што іх вызвалялі амерыканцы.
Да вайны муж скончыў сем класаў і лічыўся па тым часе граматным чалавекам. Некаторы час працаваў інструктарам у выканкаме, пасля вярбоўшчыкам, вазіў работнікаў у Казахстан. Спачатку я сядзела дома, гадавала дзяцей, дзіцячых садкоў жа не было. Калі падраслі мае хлопцы, пайшла працаваць у раённую бальніцу кухоннай. Праз некаторы час мяне заўважылі, адправілі вучыцца на повара. Там я і адпрацавала да выхаду на заслужаны адпачынак. У працоўнай кніжцы ў мяне толькі адзін запіс.
Муж нашай гераіні памёр вельмі рана, ужо амаль сорак гадоў яна ўдава.
Жыццё сваё Сцепаніда Герасімаўна лічыць годна пражытым: добрая змена пасля яе застанецца – 2-ое дзяцей (сярэдні сын, на жаль, памёр маладым ад хваробы), 4-ра ўнукаў, 10 праўнукаў. З гонарам і вялікай любоўю распавядае наша гераіня пра кожнага з іх, адзначаючы: вось ён, галоўны здабытак яе жыцця. А яшчэ, і гэта варта ўсведамляць і цаніць вялікай каштоўнасцю для кожнага з нас з’яўляецца мірнае жыццё.

Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о