Ушэсце – шлях на неба

0
89

Свята Ушэсце ўваходзіць у велікодныя ўрачыстасці і прывязана да даты Вялікадня. Адзначаюць яго на 40-ы дзень пасля Уваскрэсення Хрыстовага, што заўсёды прыпадае на чацвер шостага велікоднага тыдня.

Узнясенне Ісуса Хрыста – адна з галоўных падзей Новага Запавету. Пасля гэтага Ісус, замест зямнога знаходжання, пачынае нябачна прысутнічаць побач з вернікамі. Да Хрыста існавалі два асноўныя пункты погляду на чалавечае цела. Адзін разглядаў яго выключна як крыніцу задавальненняў. Другі, наадварот, сцвярджаў, што яно –крыніца нечыстоты і заганы, турма для душы, з якой мудры чалавек абавязкова павінен вызваліцца. Спрэчка паміж гэтымі двума меркаван-нямі працягвалася доўгія стагоддзі. Пытанне было вырашана толькі тады, калі Сам Бог, увасобіўшыся і стаўшы чалавекам, з’явіўся ў наш свет. Ісус Хрыстос паказаў, што ў Царства Нябеснае ўвойдуць не толькі душы праведнікаў, але і іх целы. У хрысціянстве цела – гэта храм душы. Але цялесная прырода чалавека пацярпела ад першароднага граху. Ісус жа аднавіў яе першапачатковую годнасць Сваім нараджэннем, распяццем, уваскрэсеннем і ўзнясеннем. Таму Ушэсце – гэта найважнейшае звяно ў выратаванні чалавецтва. Гэты дзень сімвалізуе надзею вернікаў на другое прышэсце Хрыста і на вечнае жыццё ў целе, не схільным да хвароб і смерці.

Падзея падрабязна апісваецца ў Евангеллі і Дзеях святых апосталаў. На працягу сарака дзён пасля Свайго ўваскрэсення Ісус прыходзіў да вучняў і расказваў пра царства Божае, потым прывёў іх на Елеонскую гару і сказаў, што неабходна распаўсюджваць сярод людзей веды, атрыманыя ад Яго. Пасля гэтага Ён узнёсся на неба. Два анёлы, якія з’явіліся, паабяцалі апосталам, што надыдзе момант, калі Хрыстос вернецца такім жа чынам, як і сышоў. Свята Ушэсця спалучае ў сабе радасць сустрэчы і радасць расстання. Да Хрыста людзі не ўмелі шанаваць чалавечую асобу. Хрыстос і Евангелле першыя абвясцілі адзінасць, непаўторнасць, каштоўнасць для Бога кожнага чалавека. Узыходзіць Гасподзь на неба і з Сабою ў таямніцу Боскага Жыцця ўносіць усю таямніцу чалавека. Вось што зараз чалавек уяўляе сабой!
Усе вялікія святы – гэта не толькі ўспамін пра тую ці іншую евангельскую падзею, гэта верны шлях да вечнага жыцця, шлях нашага ўдасканалення. Шлях Ісуса Хрыста павінен быць шляхам кожнага. За ўсіх нас аднолькава пацярпеў Гасподзь, для ўсіх адкрыта неба! Там радасць, там вечнае жыццё!

Святлана ТАРАСЕВІЧ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о