7 снежня ў аграгарадку Чырвоны Бераг прайшло ўрачыстае адкрыццё музейнага комплексу “Дзецям – ахвярам вайны”. Магчымасць у ліку першых наведаць комплекс была дадзена навучэнцам-лідарам Гомельскай вобласці.
Прадстаўляць свой раён на такім важным прадстаўнічым мерапрыемстве было вялікім гонарам для мяне.
Праграма мерапрыемства была даволі насычаная. Яркім і запамінальным момантам, разам з наведваннем музейнай экспазіцыі, стаў урок памяці “Лёсы дзяцей вайны”, прысвечаны памяці дзяцей Гомельшчыны – ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, які правёў для нас Настаўнік года Беларусі 2023, чалавек, на якога варта раўняцца, Сяргей Шамінскі.
Знакавым момантам мерапрыемства стала дыялогавая пляцоўка з удзелам прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Рамана Галоўчанкі. Гэта была сапраўды ўнікальная сустрэча! Удзельнікі мерапрыемства маглі задаць хвалюючыя іх пытанні і атрымаць разгорнутыя адказы, якія сталі глебай для разважання.
Так, Раман Аляксандравіч расказаў, чаму крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа была распачата ў нашы дні, праз дзесяцігоддзі пасля тых падзей.
Па словах дзяржаўнага дзеяча, беларусы не хацелі вяртацца да гэтай тэмы і прынялі прабачэнні на тым этапе, паверылі ў тое, што агрэсары пакаяліся і хацелі закрыць гэтую старонку. Але бесцырымоннае ўмяшанне ў нашыя справы падштурхнула да таго, каб да канца раскрыць тэму генацыду беларускага народу ў час вайны.
Кіраўнік Урада акцэнтаваў увагу на тым, што расследаванне вядзецца ў рамках міжнароднага права.
Раман Галоўчанка таксама адзначыў, што ў Беларусі няма такой сям’і, якая не мела б сваёй уласнай памяці пра падзеі вайны, і падзяліўся з намі сямейнай гісторыяй пра дзядоў, якія прайшлі вайну.
Звяртаючыся да нас, моладзі, Раман Аляксандравіч адзначыў, што і ў наш час можна таксама здзяйсняць гераічныя ўчынкі. Іх можа быць вялізнае мноства: паляцець у космас, стварыць лекі ад страшнага захворвання, ад якога пакутуе ўсё чалавецтва, зрабіць якое-небудзь вялікае адкрыццё.
Раман Галоўчанка пажадаў нам заўсёды настойліва ісці да сваёй мэты, ставіць перад сабой самыя складаныя задачы і дабівацца вынікаў.
У завяршэнні мерапрыемства быў дадзены старт абласной патрыятычнай акцыі “Караблік надзеі”, якая працягнецца да 9 мая, дня 80-й гадавіны перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Пінчук Ганна, вучаніца ДУА “Гімназія г. Петрыкава”,
сектар СМІ раённага Савета старшакласнікаў.
Фота аўтара і Галіны КАЗАК.
Оставить комментарий