Петрыкаўская дзіцячая школа мастацтваў папоўнілася маладымі спецыялістамі. З гэтай прыемнай нагоды мы завіталі ва ўстанову адукацыі, каб даведацца, як сустрэлі маладых калег у калектыве, якія ўражанні ва ўчарашніх студэнтаў ад працоўных будняў? Пагадзіцеся, першы вопыт неацэнны. Ад старту многае залежыць: і далейшы шлях па кар’ернай лесвіцы, і само адчуванне прафесіі.

Зусім нядаўна Вера Мікша і Ганна Занкевіч былі выпускніцамі сярэдне-спецыяльных устаноў адукацыі, сёння яны – маладыя настаўнікі.

Ганна Занкевіч, настаўнік музычна-тэарэтычных дысцыплін Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў.
– Яшчэ ў дзяцінстве я імкнулася да творчасці. Мой дзядуля прывіваў любоў да музыкі. Калі я прыязджала у госці, мы разам глядзелі розныя канцэрты, оперы і балеты, выступленні аркестраў. У музычнай школе мне заўсёды падабалася сальфеджыа і дзесьці ў 5 класе музычнай школы мая настаўніца Таццяна Анатольеўна Туравец прапанавала паступаць у музычны каледж. Так я і вырашыла пайсці на спецыяльнасць ”музыказнаўства”, – дзеліцца Ганна.
Скончыўшы Гомельскі дзяржаў-ны каледж мастацтваў імя М. Ф. Сакалоўскага, дзяўчына вярнулася па мэтавым накіраванні на малую радзіму ў якасці настаўніка музычна-тэарэтычных дысцыплін. На працы Ганна ўжо асвоілася – калектыў ДШМ торчы, выдатны, кіраўніцтва заўсёды на сувязі з педагогамі, усе прынялі маладых спецыялістаў прыязна. Малады педагог з радасцю назірае за пачатковымі крокамі ў музыцы сваіх выхаванцаў, іх першымі поспехамі. Ганна лічыць: галоўнае ў працы з таленавітымі рабятамі – асабістае старанне, імкненне зацікавіць, дапамагчы, на ўласным прыкладзе паказаць, што музыка – гэта цікава. І да душы кожнага з дзяцей малады настаўнік падбірае асаблівы ключык, здольны раскрыць усё самае лепшае і паказаць, як спазнаваць свет праз любоў да музыкі. Канешне, пакуль яшчэ рана падводзіць якія-небудзь вынікі, але працоўныя мэты і задачы ў Ганны Андрэеўны маюцца. Усё гэта разам з цярпеннем і любоўю да дзяцей абавязкова дасць вынік.

Вера Мікша, жывапісец-настаўнік Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў
Вера нарадзілася і вырасла ў Петрыкаве. Вярнулася ў родную школу па мэтавым размеркаванні, скончыўшы Гомельскі дзяржаўны мастацкі каледж па спецыяльнасці “жывапісец-настаўнік”. Дарэчы, у час размовы дзяўчына адзначыла, што без варыянтаў хацела вярнуцца на Петрыкаўшчыну.
– Кожны куточак малой радзімы такі прыгожы і ўтульны,– дзеліцца ў час сустрэчы суразмоўца. Магчыма, менавіта погляд мастака дапамагае ўбачыць гэтую асаблівасць нашага роднага краю, якую мы нярэдка перастаем заўважаць у штодзённых клопатах. Адказная і сур’ёзная дзяўчына прыйшлася па душы калегам, якія цэняць маладога спецыяліста. Яшчэ ў дзяцінстве Вера праявіла цягу да творчасці, а яе сэрца трапіла ў палон чароўнага свету жывапісу. Яе карціны адрозніваюцца выразнасцю, пачуццём колеру і кампазіцыі.
– Праца мне вельмі падабаецца. Хочацца дарыць сваю творчасць людзям, перадаць свае веды дзецям, – распавядае малады спецыяліст. На занятках па жывапісе Вера вучыць дзяцей не проста маляваць, а бачыць прыгажосць вакол, выказваць свае эмоцыі праз фарбы і лініі.
Петрыкаўшчына для Веры і Ганны гэта не проста месцам працы, а крыніца натхнення і гонару. Прыемна адзначыць, што маладое пакаленне, атрымаўшы годную адукацыю, вяртаецца на сваю малую радзіму, каб развіваць, захоўваць і прымнажаць багатую культурную спадчыну.
Наперадзе ў маладых спецы-ялістаў вялікі і цікавы шлях. Мы жадаем зямлячкам энтузіязму, крэатыўнасці і творчых поспехаў!

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о