На палетках БК-АГРА ААТ ”Чалюшчавічы” актыўнымі тэмпамі ідзе ўборка азімага ячменю, які займае 750 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў. Камбайнеры штодня працуюць з самай раніцы да позняга вечара, каб паспець у тэрміны.
Пачатак лета выдаўся капрызным. Тэмпература ў чэрвені была ніжэй за кліматычную норму, затое ападкаў выпала значна больш, чым звычайна. Аднак хлебаробы змаглі супрацьпаставіць усім цяжкасцям высокае прафесійнае майстэрства, дакладнае выкананне тэхналогій, уменне дзейнічаць у экстрэмальных умовах. У выніку на палях вырас годны ўраджай. Пра гэта сведчаць першыя вынікі ўборкі азімага ячменю ў ААТ ”Чалюшчавічы”. Уборачная кампанія ў гаспадарцы ідзе імкліва, што вельмі важна для захавання збожжа ў найлепшым стане.
Паводле інфармацыі кіраўніка сельгаспрадпрыества БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” Сяргея Ракіцкага, першыя вынікі надаюць упэўненасці. У гаспадарцы з пачатку ўборачнай кампаніі сабрана 1100 тон азімага ячменю з плошчы 568 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць ускладзе 19-20 цэнтнераў з гектара.
– Мы настроены на добрыя вынікі, бо ва ўборачнай у нас задзейнічаны вопытныя хлебаробы. А ўжо ўпартасці нам не займаць, – адзначыў Сяргей Мікалаевіч.
У час наведвання ўрочышча “Чанькава” мы заспелі ў разгар працы Ігара Іванавіча Харланчука, для якога ўборачная 2025 года стала 34-ай. Першы вопыт Ігар Іванавіч набыў, працуючы памочнікам камбайнера ў бацькі, які ўсё сваё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. Такі сямейны падыход да працы стаў для яго выдатным стартам і заклаў трывалую аснову ў выбары прафесіі.
– Я нарадзіўся у аграгарадку Чалюшчавічы ў сялянскай сям’і. Мой бацька быў лепшы камбайнёрам не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. Маці ўсё жыццё працавала цялятніцай. Я малодшы ў сям’і. Старэйшы брат – энергетык у сельскай гаспадарцы, цяпер на пенсіі. Сёстры гэтак жа знаходзяцца на заслужаным адпачынку, толькі адна працуе ў Светлагорску медсястрой, другая жыве ў Калінінградзе. Годна выхавалі з жонкай двух сыноў, якія жывуць і працуюць у Мінску.
– Што тычыцца працы – у сельгаспрадпрыемстве створаны спрыяльныя ўмовы для паспяховай уборкі ўраджаю: сучасная тэхніка, падтрымка калектыву, не падводзіць і надвор’е. Гэта дазваляе мне засяродзіцца на дбайнай і якаснай працы, – дзеліцца камбайнер. На простае пытанне, за што ён любіць сваю працу, Ігар Іванавіч, усміхаючыся, адказаў шчыра: праца ў полі – не проста прафесія, а лад жыцця. Лічу, што такая справа для душы, хаця не сакрэт што і матэрыяльяна ацэньваюць годна. Кожны год чакаю ўборачную кампанію з нецярпеннем і аддаю ёй усе сілы.
Зладжаная праца аграрыяў і спрыяльныя ўмовы надвор’я забяспечваюць паспяховае правядзенне ўборачнай кампаніі ў ААТ ”Чалюшчавічы”. Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць усім, хто прымае ўдзел ва ўборцы ўраджаю, хто з самай раніцы і да позняга вечара самааддана працуе на палях. Няхай кожны працоўны дзень прыносіць задавальненне і дорыць упэўненасць у трывалай будучыні сельскай гаспадаркі. Дзякуй за неацэнную працу, шаноўныя!
Жадаем высокіх паказчыкаў і годных намалотаў.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.
Оставить комментарий