У паветры вітае прадчуванне восені, той асаблівай, залатой, што прыходзіць з Пакроваў Прасвятой Багародзіцы. Свята, што бярэ пачатак у глыбокай старажытнасці, заўсёды было напоўнена асаблівым сэнсам – абаронай, покрывам, клопатам.
Гісторыя Пакроваў адкрываецца для нас з X стагоддзя, з часоў існавання Візантыйскай імперыі. У 910 годзе Канстанцінопаль апынуўся пад пагрозай нападу сарацынаў (арабаў). Горад быў абложаны, і жыхары, ахопленыя страхам, сабраліся ў Влахернскім храме, дзе захоўваўся амафор (платок) Прасвятой Багародзіцы.
Сярод веруючых знаходзіўся святы Андрэй Юродзівы і яго вучань Епіфаній. Падчас начной службы, калі храм быў поўны людзей, святы Андрэй убачыў Прасвятую Багародзіцу, што ішла па паветры ў акружэнні анёлаў і святых. Яна зняла з Сябе платок і, раскінуўшы яго над тымі, хто маліўся, пакрыла ім увесь горад. Неўзабаве пасля гэтага ворагі, уражаныя невядомым страхам, адступілі ад горада.
Так і ворагі роду чалавечага адступаюць, калі на абарону ўстае Маці Божая, бо няма сілы, здольнай супрацьстаяць Яе ўсемагутнай любові і заступніцтву. Як амафор Багародзіцы пакрыў горад ад бачных ворагаў, так і покрыва Яе нябачна ахоўвае душы вернікаў ад ворагаў нябачных, ад спакус свету і ад усякага зла. І кожны, хто з верай прыбягае пад Яе святое покрыва, знаходзіць мір і збавенне. Гэтае свята нагадвае нам, што нават у самыя цяжкія часы ёсць сіла, якая ахоўвае нас. І гэтая сіла, у першую чаргу, зыходзіць ад нашых маці.
Іх малітвы, іх падтрымка, іх вера ў нас – гэта той нябачны шчыт, які дапамагае пераадольваць любыя перашкоды.
Свята Пакроваў нагадвае нам пра нябесную абарону, а Дзень маці – пра неацэнную зямную любоў, якая, падобна нябеснай, асвячае наша жыццё і робіць яго поўным сэнсу.
У гэты дзень мы можам узнесці малітвы не толькі аб абароне ад знешніх бед, але і аб благаславенні для нашых маці. Мы можам папрасіць Багародзіцу, каб яна сваім пакровам укрывала іх, даравала ім сілы, здароўе і мір. І ў сваю чаргу, у Дзень маці, мы можам старацца быць годнымі той любові, якую яны нам дораць, праяўляючы клопат, увагу і павагу.
Няхай жа нябесная Апякунка ахіне кожнага з нас цяплом і любоўю, а матчына сэрца, падобна невычэрпнай крыніцы, дае святло і надзею.
І як залатая восень дорыць свету сваю прыгажосць і шчодрасць перад доўгім зімовым сном, так свята Пакроваў Прасвятой Багародзіцы дорыць нам надзею і суцяшэнне, нагадваючы пра вечную любоў і клопат, якія заўсёды з намі.
Святлана ТАРАСЕВІЧ.
Оставить комментарий