Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько на мінулым тыдні працавала на Петрыкаўшчыне. Парламентарый правяла прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян, шэраг рабочых сустрэч з кіраўніцтвам раёна, у працоўных калектывах, з навучэнцамі ўстаноў адукацыі і працуючай моладдзю.
Як пазначыла ў час сустрэчы нашаму карэспандэнту Святлана Сянько, работа ў выбарчай акрузе і сустрэчы з выбаршчыкамі – гэта важны элемент дэпутацкай працы. Такая форма ўзаемадзеяння дапамагае быць у курсе жыцця рэгіёна, ведаць пра праблемныя сітуацыі і пытанні, якія хвалююць насельніцтва.
Сустрэчы ў працоўных калектывах
Так, на сустрэчах з працоўнымі калектывамі дзіцячага садка №7 і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі абмеркавалі развіццё сфер адукацыі і аховы здароўя. Парламентарый таксама спынілася на некаторых момантах работы над заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, асноўных навацыях і змяненнях і на тых законапраектах, якія знаходзяцца на разглядзе дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Асноўнае пытанне, на якім зроблены акцэнт пры сустрэчы, – гэта прынятае дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь рашэнне аб правядзенні выбараў Прэзідэнта 26 студзеня 2025 года.
– Як вядома, выбары Прэзідэнта Беларусі вызначаюць стратэгію развіцця краіны на бліжэйшыя пяць гадоў. Сёння з гонарам можна сказаць, што Беларусь з’яўляецца краінай, якая дынамічна развіваецца. Беларусы берагуць мір і імкнуцца да стваральнай працы.
Маючыя адбыцца выбары без перабольшання можна назваць гістарычнымі. І для кожнага грамадзяніна нашай краіны – гэта шанц стаць часткай гісторыі. Гэта магчымасць вырашыць, якой будзе будучыня для сябе, сваіх дзяцей, нашай малой Радзімы і краіны ў цэлым. Ад нас залежыць, як будуць развівацца ўсе сферы грамадскага жыцця.
Мы павінны ўнесці свой уклад у развіццё краіны – гэта наша адказнасць. Усё ў нашых руках, і ад нашага рашэння залежыць якім шляхам пойдзе краіна далей, пазначыла Святлана Сянько.
Дыялог з удзельнікамі сустрэчы прадоўжылі абмеркаваннем надзённых для калектываў пытанняў, спыніліся на арганізацыі работы ў Год якасці і актыўнай жыццёвай пазіцыі прысутных.
Закранулі тэматыку значэння Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі для сучаснай гісторыі нашай дзяржавы.
Наша краіна – адна з нямногіх, хто захаваў гэтую традыцыю. Несумненна, што гэтае свята назаўжды застанецца сімвалам павагі да слаўных традыцый і здзяйсненняў старэйшых пакаленняў, якія ўпісалі свае старонкі ў нашу агульную гісторыю.
Пасля заканчэння адкрытага дыялогу прысутныя на сустрэчы змаглі задаць хвалюючыя іх пытанні.
Кіраўнікі ўстаноў азнаёмілі з матэрыяльна-тэхнічнай базай і праектамі, над якімі працуюць.
На прыём да дэпутата
Парламентарый на базе Петрыкаўскага райвыканкама правяла прыём грамадзян і юрыдычных асоб па асабістых пытаннях, а таксама “прамую тэлефонную лінію”. У час прыёму да дэпутата звярнуліся тры заяўнікі па пытаннях рамонту дарогі і тратуара, медыцынскага забеспячэння.
– Прамыя тэлефонныя лініі – эфектыўны спосаб камунікацыі грамадзян і дэпутацкага корпуса. Наша задача вырашыць ці даць тлумачэнне на пытанні, якія паступілі ад грамадзян, – пазначыла парламентарый.
Гістарычныя ўрокі Кастрычніка
Пра тое, як Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя паўплывала на сусветную супольнасць і станаўленне сучаснай Беларусі, ішла размова на дыялогавых пляцоўках з удзелам навучэнцаў у другой гарадской школе і працуючай моладзі на базе раённай сеткі публічных бібліятэк.
Навучэнцы ўстановы адукацыі падрыхтавалі гістарычную даведку аб падзеях Вялікага Кастрычніка, відэафільм.
У форме дыялогу разгледзелі шэраг сацыяльных дасягненняў, якія мы маем дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі: з’яўленне беларускай дзяржаўнасці, раўнапраўе для ўсіх, увядзенне васьмігадзіннага працоўнага дня і шэраг іншых.
– Трактаваць рэвалюцыю можна па-рознаму, бо з аднаго боку – гэта крывавая падзея, якая каштавала шматлікіх ахвяр у ходзе наступнай грамадзянскай вайны, а з другога – зацвярджаліся новы светапарадак і іншыя формы адносін.Сёння наша краіна захоўвае прыхільнасць да заваяванняў Вялікага Кастрычніка, зберагаючы памяць пра тыя часы, – пазначыла Святлана Сянько.
У цэнтральнай раённай бібліятэцы да парламентарыя далучыліся старшыня Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер і раённы лідар БРСМ Дар’я Туравец. Удзельнікі сустрэчы – прадстаўнікі працуючай моладзі розных сфер дзейнасці – актыўна ўключыліся ў дыялог па ўзнаўленні гістарычных фактаў, звязаных з рэвалюцыйнымі падзеямі 1917 года, а таксама акрэслілі традыцыі свята, якія захаваліся па сённяшні дзень. Галоўная з іх – адкрыццё важных сацыяльных аб’ектаў, увод жылля, спартыўных і гандлёвых аб’ектаў, мастоў, участкаў дарог і іншыя. Маладыя людзі змаглі пачуць меркаванне старэйшага пакалення і абмяняцца сваімі ўражаннямі, змаглі задаць пытанні, якія іх цікавяць.
– У гісторыі чалавецтва ёсць нямала дат, якія змянілі становішча краін у свеце і жыццё мільёнаў людзей. Адна з іх – Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года, якая дала пачатак Савецкаму Саюзу – моцнай дзяржаве, якая выстаяла і перамагла ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – звярнуўся да прысутных на сустрэчы Віталій Пілер. – Памятайце, менавіта гісторыя, падзеі і працэсы мінулых часоў даюць маладому пакаленню неабходны і карысны вопыт жыцця.
Сапраўды, нельга ствараць новы свет, ігнаруючы мінулае. Веданне гісторыі дапамагае зразумець сучаснасць, пазбегнуць памылак мінулага, знайсці адказ на надзён-ныя пытанні. Менавіта на ўроках гісторыі, як паказвае жыццё, мы і павінны вучыцца жыць, выхоўваць у моладзі інтарэс і павагу да гістарычнага мінулага краіны, да агульначалавечых каштоўнасцей: міру, дабрыні, справядлівасці, роўнасці, прыгажосці і свабоды.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий