У першы дзень лета ў свеце адзначаўся Дзень абароны дзяцей. З самай раніцы маленькіх жыхароў горада і іх бацькоў, дзядуль і бабуль чакалі святочныя забаўляльныя мерапрыемствы.
У 10 гадзін на стадыёне “Прыпяць” прайшла спартыўная квэст-гульня “Сямейнае падарожжа”. Пасля размінкі сем’ям прапанавалася прайсці на хуткасць некалькі этапаў і прадэманстраваць свае разнастайныя здольнасці ад спартыўнага спрыту да ўменняў аказваць першую дапамогу. Пасля гэтага ўдзельнікі завяршалі “эстафету” пажарным разгортваннем.
Такім чынам, трэцяе месца ў конкурсе “Сямейнае падарожжа” дасталася сям’і Паўлючок, другі вынік паказала сям’я Лазоўскіх, а перамогу святкавала сям’я Шчучэнкаў. Удзельнікі атрымалі сертыфікаты на наведванне трэнажорнай залы спартыўнага комплексу “Прыпяць”, прызёры – буклеты і кнігі ад выратавальнікаў РАУС і, вядома, ганаровыя граматы.
У поўдзень амфітэатр поўніўся гледачамі, якія чакалі забаўляльную праграму “Вясёлкавае дзяцінства”, падрыхтаваную маленькімі і юнымі артысты ўстаноў культуры і адукацыі горада Петрыкава. Вакальныя нумары змяняліся харэаграфічнымі пастаноўкамі, якія з радасцю падтрымлівалі сваімі рухамі малыя. Апрача гэтага, цікава бавіць час дапамагалі тэматычныя пляцоўкі, сярод якіх знайшлося месца выставам выяўленчага мастацтва і дзіцячай кнігі, тэхнікі і рыштунку РАНС, рухомым і настольным гульням. Дзецям прапанавалася ўпрыгожыць сябе святочным бодзі-артам ці паспрабаваць паўдзельнічаць у імправізаваных археалагічных раскопках і нават наведаць моташоў “Планета цудаў”. Своеасаблівай кульмінацыяй імпрэзы стаў традыцыйны конкурс дзіцячага малюнку мелам, усе ўдзельнікі якога атрымалі салодкія падарункі.
У пяць гадзін вечара ў раённым Доме культуры прайшоў справаздачны канцэрт Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Маленькія і юныя творцы цешылі сваіх бацькоў разнастайнымі творчымі падарункамі, ад спеваў і танцаў, да інструментальнага выканання і мультыплікацыйных фільмаў. Напрыканцы мерапрыемства дырэктар Петрыкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Надзея Слабадзянюк павіншавала выпускніц установы і пажадала ім усяго найлепшага, адзначыўшы, што дзверы Цэнтра заўсёды адкрытыя для выпускнікоў.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий