7 лістапада 1989 года на Петрыкаўшчыне з’явілася першая дзяржаўная музейная ўстанова. У сядзібе, дзе жыў знакаміты партызан дзед Талаш, быў створаны яго музей. Сёння тут знаходзіцца аддзел гісторыі народнага героя дзеда Талаша і партызанскага руху Петрыкаўскага раёна.
Напярэдадні юбілейнай даты мы сустрэліся з навуковым супрацоўнікам музея Галінай ЗАНКЕВІЧ, каб ажывіць старонкі гісторыі і здзейсніць віртуальнае падарожжа па навасёлкаўскіх музейных пакоях.
Нагадаем, у склад музея ўваходзяць тры асноўныя аб’екты: стары (сялянскі) дом (рэстаўраваны), новы дом і хлеў.
Сваю экскурсію супрацоўнікі музея звычайна пачынаюць са старой хаты, дзе размешчана выстава “Сялянскі дом канца 19 – пачатку 20 стагоддзя”. Навуковы супрацоўнік Галіна Занкевіч пазначыла, што малая хата – прыклад драўлянага дойлідства канца 19 – пачатку 20 стагоддзя і пабудавана па макету былой хаты дзеда Талаша, спаленай белапалякамі ў час савецка-польскай вайны.
Хата, па словах суразмоўцы, дэманструе наведвальнікам, якім быў быт палешукоў сто гадоў таму, якімі прадметамі яны карысталіся і чым адрозніваліся ад іншых жыхароў нашай Радзімы, а гэта не можа не здзіўляць і не захапляць наведвальнікаў музея.
– Экспазіцыя змяшчае сямейныя фатаграфіі дзеда Талаша, вугальны самавар, доўгую сялянскую лаву, стол, за якім Талаш сядзеў з сынамі за абедам ці вячэрай, ганчарныя і рамесныя вырабы, прадметы хатняга ўжытку і прылады працы, – пачала сваю віртуальную экскурсію Галіна Уладзіславаўна. – У сенцах – Талашоў куфар для бялізны, ткацкі станок, жорны, а таксама канапляная сетка яго дзеда, грабяні для часання лёну і іншыя рэчы.
Асноўная ж экспазіцыя музея, размешчаная ў вялікай хаце, распавядае пра сям’ю легендарнага партызана Васіля Ісакавіча Талаша, яго дзейнасць у гады савецка-польскай акупацыі (1919-1920) і гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут увекавечана памяць Талаша і ягоных аднавяскоўцаў, што прайшлі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны. Асобная экспазіцыя прысвечана партызанскаму і ветэранскаму руху ў Петрыкаўскім раёне.
Музейны работнік распавяла пра цікавы факт з перыяду партызанства Талаша ў час савецка-польскай акупацыі. Так, прыкладна праз гадзіну пасля пачатку польскай інтэрвенцыі, дзед устанавіў сувязь з 417-м палком Чырвонай Арміі, арганізаваў партызанскі атрад колькасцю 300 чалавек, які актыўна змагаўся з ворагам. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Яму на той момант было 76 гадоў.
У час Вялікай Айчыннай вайны, амаль у 100-гадовым узросце, ён збіраў зброю і падтрымліваў сувязь з партызанамі. У студзені 1943 года Талаша адправілі самалётам на Вялікую Зямлю, дзе ён займаўся важнай арганізацыйнай і агітацыйнай працай. Ён наведваў воінскія часці, фабрыкі і заводы, выступаў па радыё, заклікаючы мацней біць ворага. Узнагаро-джаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, медалём “Партызан Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені”.
Усе гэтыя падзеі знайшлі адлюстраванне ў раздзелах экспазіцыі, размешчаных у “вялікім доме”.
Як раней адзначалася, не забытыя і аднавяскоўцы Талаша, якія ваявалі на франтах і ў партызанскіх атрадах у гады Вялікай Айчыннай вайны. Так, персанальны раз-дзел прысвечаны партызанам 125-й Капаткевіцкай і 130-й Петрыкаўскай партызанскіх брыгад, арганізаваных на тэрыторыі раёна ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Экспазіцыя змяшчае 89 экземп-ляраў фатаграфій, лістоў, улётак, дакументаў, друкаваных выданняў, узнагародных грамат землякоў Талаша, удзельнікаў і кіраўнікоў партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Раздзелы выставы дапаўняе шэраг асабістых рэчаў: шапка, пояс, драўляная лыжка, коўдра, ліхтар бакеншчыка самаго Васіля Ісакавіча Талаша; бутэлька, бакелітавы ліхтар, паліто з узнагародамі, кацялок, капшук для тытуню, юбілейныя ўзнагароды ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Асаблівай цікавасцю сярод наведвальнікаў карыстаецца вайсковы рыштунак, боепрыпасы: супрацьтанкавы ёж, супрацьтанкавыя міны, кулямётныя стужкі, гранаты, супрацьтанкавая зброя, дыярамы з макетамі ваеннай тэхнікі, зброя часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Па словах нашай суразмоўцы, асноўным напрамкам у рабоце музея з’яўляецца прапаганда гісторыі, этнаграфіі Петрыкаўшчыны, асвятленне партызанскага руху ў гады савецка-польскай акупацыі і Вялікай Айчыннай вайны, патрыятычнае выхаванне моладзі на прыкладзе жыцця і баявой дзейнасці Васіля Ісаакавіча Талаша.
Музей сёння жыве актыўным жыццём, захоўваючы павагу да гісторыі і прымнажаючы народныя традыцыі. Фонд музея штогод папаўняецца цікавымі эспанатамі, сабранымі музейнымі супрацоўнікамі і энтузіастамі. У фондзе сканцэнтравана каля 500 адзінак асноўных экспанатаў і 375 навукова-дапаможных.
– Не можа не радаваць той факт, што аддзел гісторыі нацыянальнага героя Дзеда Талаша ўключаны ў турыстычны маршрут круізнага цеплахода “Белая Русь”. Ён карыстаецца папулярнасцю ў навучэнцаў школ горада і раёна, студэнтаў, турыстаў, моладзі з розных рэгіёнаў Беларусі, замежных краін. Аб вялікай папулярнасці аддзела гісторыі сведчыць вялікая колькасць наведвальнікаў. Так, з пачатку бягучага года аддзел наведала больш за 2 тысячы чалавек.
У выніку супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі ў друкаваных выданнях: “Петрыкаўскія навіны”, “СБ. Беларусь сегодня”, “Гомельская праўда” – былі апублікаваны артыкулы, а на тэлеканалах “Беларусь-1”, “Беларусь-4” і “ОНТ” – выйшлі перадачы аб рабоце аддзела гісторыі, як аб’екце патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.
Увогуле, сёлета мы адзначаем не толькі 35-годдзе музея-сядзібы, але і 180-годдзе з дня нараджэння дзеда Талаша, старэйшага за ўсю сусветную гісторыю партызана, чыё імя авеяна легендамі і стала для беларусаў сімвалам барацьбы за незалежнасць супраць любых варожых нашэсцяў, – пазначыла ў завяршэнні размовы нашаму карэспандэнту Галіна Занкевіч.
Мы ж у сваю чаргу жадаем супрацоўнікам аддзела гісторыі народнага героя дзеда Талаша і партызанскага руху Петрыкаўскага раёна растучай запатрабаванасці, дапытлівых экскурсантаў і безліч цікавых сустрэч.
Запісала Галіна КАЗАК. Фота аўтара.
Оставить комментарий