Штогод у другую нядзелю жніўня ў краіне адзначаецца Дзень будаўніка. На поўнай падставе дадзеную галіну можна назваць самым старажытным заняткам людзей. Вядомая прымаўка: Бог стварыў зямлю, а ўсё астатняе на ёй – рукі будаўнікоў, – ісціна, якая не патрабуе доказаў. Стагоддзямі самая мірная прафесія з усіх існуючых дорыць чалавецтву магчымасць расці і развівацца. Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” выехалі на МТФ “Бяланавічы”, каб сустрэцца з Міхаілам Крывіным, прарабам, пад кіраўніцтвам якога рамонтна-будаўнічая брыгада СУП “Палессе-Аграінвест” займаецца будаўніцтвам новых сіласных ям.
Уласную будаўнічую брыгаду мае далёка не кожная арганізацыя. Сельгаспрадпрыемству “Палессе-Аграінвест” у гэтым плане пашанцавала. Стан цэнтральных майстэрняў у горадзе, ферм у Аголічах, Бяланавічах, Вялаўску, Церабаве, Вышалаве, Макарычах,Турку, камбікормавага завода ў Пцічы, свінафермы ў Мышанцы знаходзяцца пад наглядам людзей, якія выбралі для сябе далёка не лёгкія будаўнічыя спецыяльнасці.
– Кожны з пятнаццаці членаў брыгады – на добрым рахунку: працавітыя, адказныя і ведаюць толк у сваёй справе. У нас закрытыя ўсе магчымыя вакансіі, сто працэнтаў работнікаў маюць адпаведную адукацыю і разрады, – з гонарам адзначае Міхаіл Паўлавіч, сустракаючы нас на аб’екце. – Рабочыя адносіны ў калектыве пабудаваны на ўзаемадапамозе і ўзаемапавазе. Калі перад намі пастаўлена задача, выпрацоўваецца алгарытм дзеяння, тэрміны выканання. На пэўным этапе працуюць спецыялісты ў сваім напрамку, адказваюць кожны за свой участак работ. Усе стараюцца прыкласці максімум намаганняў у выкананні пастаўленых задач.
Са слоў прараба, не ўзнікае пытанняў у людзей, калі, напрыклад, цесляру ці зваршчыку трэба ўзяць бензакасу і дапамагчы ў падкосе тэрыторыі аб’екта, ці выйсці ў выхадны дзень, затрымацца звышурочна. Працавалі па такім графіку ў мінулым месяцы, калі стыхія закранула Петрыкаўшчыну. У найкарацейшыя тэрміны мужчыны на парушаных ураганам дахах сельгасаб’ектаў накрылі каля 400 лістоў шыферу.
– У абавязкі брыгады ўваходзіць дастаткова шмат відаў дзейнасці, і працоўныя дні актыўныя з раніцы да вечара. Будаўніцтва, абслугоўванне, рамонт, рэканструкцыя падведамасных будынкаў і збудаванняў, добраўпарадкаванне тэрыторыі – усё гэта наша адказнасць. Дадаецца і сезонная праца. Ужо хутка – укрыццё сіласных ям, – дзеліцца суразмоўца. – Праца, як правіла, спланавана наперад і ахоплівае як мага больш аб’ектаў. Напрыклад, сёння члены брыгады працуюць на ферме ў Бяланавічах, свінакомплексе ў Мышанцы, на збожжатоку ў Петрыкаве і ў сталярным цэху ў цэнтральных майстэрнях.
У добрага гаспадара працы круглы год хапае. Такая думка прыйшла, слухаючы пра справы будаўнікоў. На ферме ў Вялаўску дабудавана новая сіласная яма, завершана будаўніцтва прыбудоў да даільнай залы. Прыбудовы з’явіліся і на ферме ў Аголічах: сцены, дах, плітка, каналізацыя – “усё з нуля”. На гэтым аб’екце скончылася будаўніцтва бетоннай пляцоўкі з падстрэшкамі, кармавым сталом для вырошчвання быкоў на 700 галоў. Не так даўно з’явіліся на фермах, размешчаных у Макарычах і Аголічах, новыя вагавыя. Гэта далёка не поўны спіс зробленага брыгадай за апошні час. На сённяшні дзень, акрамя бягучых спраў, увага надаецца рэканструкцыі камбікормавага склада на аголіцкім аб’екце: памяшканне будзе павялічана ў тры разы. Агучаны планы і на бліжэйшы час. Рамонт даільнай залы МТФ “Бяланавічы”: плануецца збудаванне прыбудовы для размяшчэння новага халадзільнага абсталявання на 10 тон малочнай прадукцыі. У гэтай гаспадарцы плануюць будаўніцтва пляцоўкі для захоўвання рукавоў з плюшчаным збожжам, саломы і сена. У перспектыве – рэканструкцыя гнаясховішчаў у падведамасных сельгасарганізацыях. І гэта далёка не поўны спіс зробленага і запланаванага рамонтна-будаўнічай брыгадай. Як бачым, працы шмат. Адзіны мінус, са слоў прараба, – непагадзь, якая можа парушыць планамерны ход рамонтных работ.
На думку суразмоўцы, як бы ні мяняўся свет, прафесія будаўніка заўсёды будзе актуальная і запатрабаваная. Што тычыцца калег, то Міхаіл Паўлавіч упэўнены: брыгада і ў далейшым будзе працаваць паспяхова, арыентуючыся, у першую чаргу, на якасць.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий