У суботу, 10 жніўня, на сцэне амфітэатра горада Петрыкава прайшоў справаздачны канцэрт выхаванцаў студыі танца “Angelina”.
Перад пачаткам харэаграфічнага шоу сярод гледачоў можна было заўважыць землякоў, што апранулі майкі аднаго колеру. Гэта было не выпадкова, бо першы нумар канцэртнай праграмы адразу задаў рухомы настрой мерапрыемству і быў самым масавым. Спачатку на сцэну выйшлі танцоры розных узростаў і іх выкладчыкі, а потым да пастаноўкі далучыліся і бацькі выхаванцаў студыі танца, што адзначае сёлета сваё 5-годдзе.
Далей гледачы даведаліся, што ўвесь справаздачны канцэрт – адмысловы конкурс, і менавіта прысутныя выступаюць у ролі журы. Прагаласаваць за самы кранальны танцавальны нумар можна было набытым квітком.
Затым свае здольнасці дэманстравалі аматары танцаў малодшай і старэйшай груп. Скарысталіся магчымасцю праявіць свае таленты і выпускнікі студыі. Варта адзначыць разнастайнасць жанравай складаючай і музычнага афармлення выступленняў: пабачыць можна было і мілыя дзіцячыя пастаноўкі, і канцэптуальную харэаграфію пад папулярныя эстрадныя песні ці нават стылізаваныя матывы класічнай музыкі. У перапынках паміж танцамі на сцэну выходзілі вакалісты ад самых маленькіх спевакоў да добра вядомых на Петрыкаўшчыне і за яе межамі маладзёжных калектываў.
Напрыканцы мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне выхаванцаў студыі і ўручэнне Падзяк за ўдзел і асабісты ўнёсак усім, хто прыкладаў намаганні для арганізацыі танцавальнага свята – выканаўцам, вядучым, адказным за гук і святло. Прыз сімпатый гледачоў атрымала пастаноўка “Цацкі” малодшай танцавальнай групы.
Са словамі падзякі звярнулася да артыстаў першы сакратар райарганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Дар’я Туравец. Маладзёжны лідар звярнула ўвагу прысутных на тую грунтоўную работу, якую ажыццявілі ўдзельнікі студыі “Angelina”, каб стварыць для ўсіх сапраўднае свята і падарыць усмешкі і пазітыўны настрой. “За гэтыя 5 гадоў вы літаральна ўзрасталі на нашых вачах, рабілі першыя крокі на сцэне, а зараз мы ўжо назіраем за выступленнем прафесійных, упэўненых у сабе артыстаў з загартаваным творчай працай характарам, з адточанымі рухамі і выдатнай падрыхтоўкай. Накіроўвайцеся толькі наперад, заваёўвайце новыя вяршыні, радуйце нас і далей, а мы будзем ганарыцца вашымі чарговымі поспехамі”, – прамовіла Дар’я Сяргееўна.
Канцэрт скончыўся цёплымі віншаваннямі артыстаў роднымі і блізкімі, маленькія і юныя танцоры спяшаліся расказаць бацькам, бабулям і дзядулям пра тое, што адбывалася за кулісамі, як яны адчувалі на сцэне падтрымку гледачоў.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий