Напярэдадні новага навучальнага года па ўсёй краіне праходзіць традыцыйная акцыя “Збяром партфель першакласніку”. Не засталіся ўбаку ад высакароднай дабрачыннай справы і жыхары Петрыкаўшчыны.
Так, працоўныя калектывы, члены грамадскіх арганізацый і прафсаюзнага актыву, лідары партый і прадстаўнікі дэпутацкага корпусу рознага ўзроўню набывалі для школьнікаў партфелі, канцылярскія наборы з самым неабходным: ручкі і алоўкі, фарбы і альбомы, каляровую паперу і кардон, сшыткі і дзённікі, – каб Дзень ведаў у навучэнцаў быў афарбаваны колерамі радасці і шчасця.
Спагадлівыя землякі разам з матэрыяльнай падтрымкай даравалі дзеткам і іх бацькам рэчы куды больш важныя і каштоўныя: прыемнае адчуванне, што пра іх клапоцяцца.
Напярэдадні Дня ведаў мы завіталі ў першую гарадскую школу, дзе актывісты пярвічкі райарганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” уручылі партфель першакласніцы Мілене Хаменка. Старэйшыя дзяўчынкі са шматдзетнай сям’і Хаменка таксама навучаюцца ў гэтай установе і цалкам задаволены арганізацый вучэбнага і выхаваўчага працэсу, таму пытанне куды аддаць першаклашку-Мілену перад бацькамі не стаяла.
Вітаючы будучую навучэнку ўстановы, дырэктар Святлана Піскун пажадала дзяўчынцы лёгкай вучобы, прыемных адкрыццяў і надзейных школьных сяброў.
Як пазначыла нашаму карэспандэнту Святлана Анатольеўна, у першую чаргу акцыя накіравана на дапамогу дзецям са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, і дзецям-сіротам. Разам з тым, прафсаюзны камітэт і пярвічкі грамадскіх арганізацый установы адукацыі не пакінулі без увагі і той факт, што шэраг грамадскіх актывістаў з ліку членаў калектыва таксама маюць дзяцей-школьнікаў. Усе бацькі першакласнікаў першай гарадской школы атрымалі матэрыяльную дапамогу да навучальнага года.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий